Болей за 300 населеных пунктаў у Беларусі ўсё яшчэ без электрычнасці
Пасля цыклону “Даніэла” без электрычнасці застаюцца яшчэ 313 населеных пунктаў у Беларусі. Такія дадзеныя публікуе прэс-служба МНС па стане на 6.00 13 студзеня. Большасць абясточаных населеных пунктаў — гэта вёскі з насельніцтвам да 50 чалавек.
На 17.00 з-за абрываў ліній электраперадачы падчас снежнай буры адключылася каля 2 тысяч трансфарматарных падстанцыяў, з-за чаго абясточыліся 757 населеных пунктаў і 136 сельгасаб’ектаў.
Для падключэння электрычнасці на 21 сельгасаб’екце, у сярэдняй школе і ў лякарні выкарыстоўвалі электрагенератары.
Найбольшая колькасць адключэнняў спажыўцоў электраэнергіі адбылася ў Глускім, Асіповіцкім, Клічаўскім, Кіраўскім і Бабруйскім раёнах Магілёўскай вобласці, а таксама ў Слуцкім і Старадарожскім раёнах Мінскай вобласці.
З-за адключэння святла ў вёсцы Лапічы Асіповіцкага раёна давялося пераводзіць у райцэнтр 11 пацыентаў мясцовай лякарні.