Большасць грэкаў на рэферэндуме выказаліся супраць прапановаў крэдытораў
"Не" сказалі больш за 61%. У Грэцыі няма ніводнага рэгіёна, які б сказаў на рэферэндуме "так".
5 ліпеня ў Грэцыі прайшоў рэферэндум аб умовах аказання краіне міжнароднай дапамогі, на якіх настойваюць міжнародныя крэдыторы (ЕС, Міжнародны валютны фонд і Еўрапейскі цэнтрабанк). Грэкам было прапанавана вызначыць, ці павінна краіна прыняць або адхіліць пагадненне з міжнароднымі крэдыторамі аб выхадзе з пазыковага крызісу. Нагадаем, яны дамагаюцца ад уладаў Грэцыі павышэння падаткаў і скарачэння сацыяльных выплат, дапамог. Гэтая эканомія можа дапамагчы Афінам выконваць свае фінансавыя абавязацельствы. Днямі гэтая краіна не змагла выплаціць запазычанасць МВФ — 1,5 млрд еўра.
Як інфармуе ВВС, пасля апрацоўкі 100% бюлетэняў стала вядома, што 61,31% прагаласавалі супраць прапановаў крэдытораў. "За" выказаліся толькі 38,69%. У галасаванні ўдзельнічалі каля 60% выбарцаў.
Як вядома, прэм'ер-міністр Алексіс Цыпрас заклікаў грэкаў сказаць рашучае "не" на рэферэндуме, што, падобна, і адбылося. Раней лідары ЕС папярэджвалі, што калі грэкі адрынуць умовы прадастаўлення міжнароднай фінансавай дапамогі, гэта можа азначаць выхад Грэцыі з еўразоны. Цяпер жа ўрад Грэцыі заяўляе, што не разглядае магчымасці ўвядзення новай валюты (замест еўра), ён спадзяецца, што яго краіну не выдаляць з еўразоны. Афіны гатовыя пачынаць новыя перамовы з міжнароднымі крэдыторамі. Пры гэтым улады Грэцыі будуць спасылацца на вынікі рэферэндума.
Фота: AFP, ria.ru