БПЦ: Для візіту Папы ў Беларусь Ватыкан мусіць адмовіцца… ад Уніі
Еўрарадыё высвятляла, што яшчэ патрэбна, каб Беларусь наведаў Папа Францішак.
Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заявіў, што кіраўніцтвам Беларусі Папу Рымскаму было перададзенае асабістае запрашэнне праз кардынала П'етра Параліна.
Арцыбіскуп адзначыў таксама, што для візіту Папы ў Беларусь, згодна з правіламі Ватыкана, трэба запрашэнне ад прадстаўнікоў найбуйнейшай канфесіі. У выпадку з Беларуссю гэта праваслаўе. Журналісты пацікавіліся, ці мусіць гэта быць менавіта афіцыйнае запрашэнне. У адказ Кандрусевіч кажа: “Важна, каб прынамсі ніхто не быў супраць”.
У раскладзе Папы візіты распісаныя ўжо аж на 2017 год. Еўрарадыё пацікавілася ў прэс-службе Ватыкана, калі дакладна магчымы такі візіт у Беларусь.
“Адказу на вашае пытанне няма. Пакуль пра візіт афіцыйна не апублікавана. Каментароў мы даць не можам”, — адзначаюць у прэс-службе.
Юры Санько
Прэс-сакратар Беларускай каталіцкай царквы Юры Санько гаворыць, што расклад — гэта такая рэч, якую можна карэктаваць, гіпатэтычна візіт магчымы нават у 2015 годзе. Але цяпер для яго ёсць не ўсе ўмовы:
“Мусіць выканацца тры ўмовы: павіннае быць афіцыйнае запрашэнне каталіцкага касцёла ў Беларусі — яно ёсць. Запрашэнне кіраўніцтва краіны — яго таксама маем. І афіцыйнае запрашэнне альбо пісьмовая згода праваслаўнай царквы. На жаль, іх няма.”
Сяргей Лепін
Прэс-сакратар Беларускай Праваслаўнай Царквы Сяргей Лепін у лісце да Еўрарадыё распавядае, што візіт Папы як кіраўніка дзяржавы Ватыкан не патрабуе ніякага дазволу з боку праваслаўнай царквы. Але калі Папа плануе наведаць нашу краіну ў ролі кіраўніка рэлігійнай канфесіі — сітуацыя іншая.
Беларуская Праваслаўная Царква вельмі шануе цёплыя і добрасуседскія стасункі паміж каталікамі і праваслаўнымі, але мiжнародныя адносіны вядзе ў межах агульнай палiтыкi Рускай Праваслаўнай Царквы (РПЦ). А яна пагодзіцца на ўсталяванне ўзаемаадносінаў найвышэйшага узроўню, толькі калі Ватыкан адмовіцца ад празелітызму (імкнення распаўсюдзіць сваю рэлігію, звярнуць іншых у сваю веру — Рэд.) і уніі на кананічнай тэрыторыі РПЦ, адзначае ў лісце прэс-сакратар.
“Яшчэ патрыярх Алексій у далёкім 1997 годзе ў аўстрыйскім Грацы планаваў сваю сустрэчу з папам Янам Паўлам II. На гэтай сустрэчы планавалася падпісанне дакумента, які асуджае празелітызм, а таксама сведчыць, што унія — не шлях да адзінства цэркваў, аднак папа выкрасліў за два дні да сустрэчы гэтыя пункты, з прычыны чаго запланаваная сустрэча так і не адбылася. Згадваючы гэта, нябожчык патрыярх сказаў: “У Ватыкане хочуць, каб мы сустрэліся перад тэлекамерамі, а мы лічым, што такая сустрэча павінная зрабіць канкрэтныя крокі да паляпшэння адносін паміж дзвюма цэрквамі, і толькі тады мы пойдзем на такую сустрэчу”, — піша ў лісце Сяргей Лепін.
Эксперт, магістр філасофскіх навук БДУ і магістр экуменічных навук Жэнеўскага ўніверсітэта Іван Кукс таксама адзначае, што без дазволу РПЦ Папа Францішак не наведае Беларусь.
“Ватыкан таксама вядзе экуменічную работу (работа па збліжэнні цэркваў — Рэд.), ёсць нават багаслоўская праваслаўна-каталіцкая камісія. Гэта значыць, што для Ватыкана таксама важна, каб захоўваліся нармальныя стасункі і з Масквой, і з Канстанцінопалем, і з іншымі праваслаўнымі цэрквамі”.
Эксперт мяркуе, што калі візіт і мог бы адбыцца, то толькі адначасова з візітам Патрыярха РПЦ у Беларусь:
“Такі візіт не можа адбыцца без сустрэчы двух іерархаў. Бо не ў інтарэсах Масквы, каб на яе кананічнай тэрыторыі такі візіт ажыццяўляўся без удзелу Патрыярха”.
Фота: AFP, belprauda.org, minsknews.by