Брастаўчанін хацеў падмануць Белдзяржстрах на 50 тысяч еўра
Ён планаваў атрымаць кампенсацыю па падробленым страхавым полісе.
Інцыдэнт адбыўся яшчэ ў чэрвені 2014 года, але вядома пра яго стала толькі цяпер. Як паведамляе прэс-служба мінскай міліцыі, 17 чэрвеня ў Белдзяржстрах з польскага апёкавага цэнтра прыйшла інфармацыя пра страхавы выпадку. Дакумент паведамляў, што 9 чэрвеня жыхар Брэста атрымаў апёкі на пажары ў польскім горадзе Бяла-Падляска. 13 чэрвеня жонка пацярпелага брэстаўчаніна падала ў апёкавы цэнтр страхавы поліс, выдадзены 6 чэрвеня адным з мінскіх прадстаўніцтваў Белдзяржстраху. Паводле страхоўкі, пацярпелы мусіў атрымаць 50 тысяч еўра.
Аднак мінскія страхоўшчыкі засумняваліся ў сапраўднасці поліса. У прыватнасці, яны засумняваліся ў даце падпісання дамовы і папрасілі міліцыю правесці праверку.
У выніку высветлілася, што страхавы поліс быў выпісаны не 6-га, а 11 чэрвеня, гэта значыць пасля страхавога выпадку. Адпаведна, брэстаўчанін не меў права на атрыманне кампенсацыі па страхоўцы.
На яго і жонку пачалі крымінальную справу па падазрэнні ў прычыненні маёмаснай шкоды без прыкметаў крадзяжу. Падчас следства брэсцкая сям'я цалкам кампенсавала шкоду страхоўшчыкам.
Фота — bit-reklama.com