Бяляцкі: Спецназ NATO ніхто не пашле, каб ратаваць актывіста ад турмы

Падчас ІІ Форума грамадзянскай супольнасці, які праходзіць у Рызе напярэдадні саміту Усходняга партнёрства, неаднаразова ўздымалася тэма пераследу грамадскіх актывістаў. У выніку гэтае пытанне было вынесенае ў рэзалюцыю Форума.

Па словах старшага юрыста Брусельскай праграмы “Дэмакратыя і верхавенства права” Рычарда Янга, удзельнікі Форума прапанавалі “спрыяць своечасоваму папярэджанню рэпрэсій супраць грамадскіх актывістаў”. Праўда, ён так і не здолеў уцямна патлумачыць журналісту Еўрарадыё, як гэтага дамагчыся і што канкрэтна для такога своечасовага папярэджання рэпрэсіяў мусіць рабіцца. Маўляў, у Еўрасаюзе ёсць розныя праграмы і метады для гэтага, але што за яны і ці будуць яны працаваць у Беларусі ці Азербайджане, так і не адказаў.

Па словах беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, “своечасова папярэдзіць любыя рэпрэсіі супраць грамадскіх актывістаў ці незалежных журналістаў” могуць толькі самі актывісты і журналісты.

Бяляцкі: “Спецназ NATO ніхто не пашле, каб цябе выратоўваць ад турмы — гэта дакладна трэба ведаць. Самае істотнае, як мне падаецца, — гэта салідарнасць і хуткае рэагаванне на праблемы, якія ўзнікаюць у праваабаронцаў”.

Па словах Бяляцкага, калі гэтыя праблемы агучваць і будзе хуткая рэакцыя на іх з боку міжнароднай супольнасці, то ўлады некалькі разоў падумаюць, ці трэба ім ствараць сабе праблемы пераследам пэўных актывістаў, праваабаронцаў ці журналістаў.

На форуме ў Рызе праваабаронцы заклікалі вызваліць усіх палітзняволеных

Фота: flickr.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі