Чаму Браян Адамс адмяніў канцэрт у Мінску, але будзе спяваць у Рызе?

У Мінску здаюць квіткі на канцэрт Браяна Адамса, які мусіў адбыцца 26 сакавіка. Афіцыйна выступ быў адменены з-за “лагістычных і арганізацыйных цяжкасцяў” — так паведамляе акаўнт музыкі ў Фэйсбуку. Але ў фанатаў Адамса ёсць магчымасць паехаць на яго шоў у Рыгу ці Коўна. Так, там канцэрты адбудуцца — і ніякіх “тэхнічных складанасцяў”. Больш за тое, у Коўне продажы квіткоў ідуць паспяхова, арганізатары прагназуюць на шоў музыкі каля 10 тысяч гледачоў.

Прамоўтар Рэмігіюс Кнабікас, прадстаўнік кампаніі Medusa Concert мяркуе, што “лагістычныя” праблемы, якія прымусілі Браяна Адамса адмовіцца ад канцэрта ў Беларусі, былі вырашальнымі. Мэнэджмент рокера, хутчэй за ўсё, напружыў хуткі пераезд з Рыгі ў Мінск і напужала мяжа: колькі б давялося прастаяць спеваку, музыкам і тэхперсаналу, не вядома.

“Неяк яны ўсё ж падумалі, што такі пераезд рызыкоўны, не хапае часу даехаць да Мінска і змантаваць сцэну, што няма ніякіх гарантый наконт перасячэння мяжы. Таму вырашылі перанесці канцэрт на іншую дату і зрабіць дзень у графіку вольным”, — прагназуе Рэмігіюс. Па словах прамоўтара, для вырашэння іх “лагістычнай” праблемы канцэрт Браяна Адамса ў Рызе нават пачаўся на гадзіну раней.

Як даведалася Еўрарадыё, арганізатар мінскага канцэрта канадскага музыкі, кампанія “Атам Інтэртэймент” цяпер вядзе перамовы з прадстаўнікамі артыста. “Хутчэй за ўсё, канцэрт перанясецца і пройдзе праз год”, — кажуць у “Атам Інтэртэймент”.

Фота: wernicke.ca

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі