Чаму палякаў не задавальняе вялікая зарплата беларускіх медсёстраў?

Польскія медсёстры бастуюць супраць заробку, які ў 2 разы перавышае беларускі.
Увесь мінулы тыдзень польскія медсёстры і фельчары праводзілі акцыі пратэсту. Зараз у цэнтры Варшавы насупраць рэзідэнцыі прэм’ер-міністра ўтворана намётавае мястэчка з 200 намётаў. Выступоўцы патрабуюць павышэння заработнай платы і паляпшэння сацыяльных умоў.

Сярэдні заробак польскай медсястры складае 300 долараў. Пратэстоўцаў гэты памер не задавальняе. Заробкі ж беларускіх сярэдніх і малодшых медыцынскіх працаўнікоў куды меншыя. Зараз яны складаюць трохі болей за 300 тысячаў беларускіх рублёў. Гэта палова бюджэту польскай медсястры.

Калі ў дактароў сярэдняя заработная плата 450 долараў, то ў сярэдняга медычнага персаналу не перавышае 200 долараў. Справы ў маладых спецыялістаў зусім незайздросныя: З усімі прэміямі атрымоўваеца 250 тысяч. Сёлетняя выпускніца медычнай вучэльні Леся распавядае пра будучую працу:

- Калі паступаеш, не вельмі задумваешся, колькі будзеш атрымоўваць. А хто скажа, што ты будзеш гарбець па дванаццаць гадзін і зарабляць трыста тысяч? Зарплата ў сярэднім залежыць ад таго, у якое аддзяленне трапіш, але прыблізна гэта ў раёне трохсот тысячаў.
Пашэнціла большасці ў тым плане, што патрапілі ў дастаткова цяжкія аддзяленні (рэанімацыю, палаты інтэнсіўнай тэрапіі, анкалогію). Зарплаты ў іх будуць больш-менш нармалёвыя. А хто трапіў у паліклініку участковай сястрой, будзе працаваць і атрымоўваць тысяч дзвесце-трыста.
На паўтары стаўкі стабільна прыйдзецца працаваць. З часам будуць прэміальныя налічвацца. Але буду атрымліваць не болей за чатырыста тысяч. У асноўным будзе сыходзіць на ежу і камунальныя выплаты.

“Маленькі!” – на пытанне пра памер заробку адказвае ці не кожная медсястра дваццатай гарадской лякарні.

Але ў Міністэрстве аховы здароўя Беларусі так не лічаць.

-У медсёстраў і так вялікая заработная плата ў параўнанні з іншымі галінамі эканомікі, - распавядае прадстаўніца Міністэрства аховы здароўя Алена Ткачова. - Указ прэзідэнта ад 12 чэрвеня прадугледжвае падвышэнне заробкаў маладым лекарам і фармацэўтычным спецыялістам на 65 тыс рублёў. Але сярэдняга і малодшага персаналу гэта не тычыцца. Падвышэння для іх не будзе.

Цікава, ці задавалі сабе пытанне працаўнікі міністэрстваў: што можна набыць і як адпачыць летам за дзвесце пяцьдзесят тысяч рублёў?

У прафсаюзе згодныя, што сітуацыя с зарплатамі медсёстраў дрэнная. Але не бачаць метадаў задаволіць патрабаванні працаўніц, акрамя як перапісвацца з урадам.

Кіраўніца рэспубліканскага прафсаюзу медработнікаў Наталля Купрэйчык распавяла Еўрарадыё пра звароты з рэгіёнаў па затрымцы выплаты і без таго маленькіх заробкаў медсёстраў. Але спаслалася на тарыфную сетку, згодна з якой налічваецца заработная плата працаўнікам бюджэтнай сферы. На пытанне, ці магчыма такая форма пратэсту, як зараз адбываецца ў Польшы, яна адказала:

- Зараз нічога не плануецца. Мы не прыхільнікі такіх выступаў.

Беларускія медсёстры маленькія заробкі падвышаюць павелічэннем сваёй працоўнай нагрузкі да паўтары-дзвюх ставак.

Юля Клешчанка
працуе старшай медсястрой Дзіцячага кардыялагічнага цэнтра. Жыве з бацькамі, таму кошты на жыллё не пакрывае. Юлі ўдалося мінулай зімой у самы танны час адпачыць у Егіпце. Але потым прыйшлося аддаваць пазыкі тры месяцы. Калі б Юля працавала на адну стаўку, то атрымоўвала б 450 тысяч, але яна працуе на паўтары, і ў выніку яе праца ацэньваецца ў 650 тысяч рублёў:

- Палова жыцця праходзіць на працы. Медыцынскі работнік працуе, як правіла болей, чым стаўка. Паўтары стаўкі вымушаны працаваць усе медработнікі, каб было за што харчаваца і апранацца. Але гэта не ўсё, у прынцыпе, кожны медработнік працуе на другой працы. Я працавала нянькай тры гады. У выніку, дзве зарплаты - гэтага хапала. Прыходзілася недасыпаць.

Беларускія медсёстры здолеюць атрымаць польскі заробак. Але працаваць прыйдзецца штодня 16 гадзін.


ДАВЕДКА ЕЎРАРАДЫЁ:

Самым максімальным заробкам у эканоміцы можа пахваліцца нафтаперапрацоўчая галіна (сярэдняя велічыня 1432 тыс. рублёў). Мінімум атрымоўваюць у сельскай гаспадарцы – 422 тысячы. У гэтым рэйтынгу медыцынскія працаўнікі знаходзяцца значна бліжэй да канца спісу – 589 тыс.

Фота — http://www.gazetawyborcza.pl

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі