Чаму Rolling Stones выступяць у Варшаве — і не выступяць у Мінску
Летам побач з намі — у Варшаве, Берліне і Празе — выступяць легендарныя The Rolling Stones. А вось Мінск у туры "Ролінгаў" не значыцца. "І не будзе значыцца ніколі", — чарговы раз засумавалі мы. Але на ўсялякі выпадак вырашылі запытацца ў канцэртных прамоўтараў, а раптам мы памыляемся, і Мік Джагер, Кіт Рычардс, Роні Вуд і Чарлі Уотс адкрыюць новенькі і бліскучы стадыён "Дынама" грандыёзным сольнікам?
Аказваецца, не: мы не памыляемся.
Прадзюсар Яўген Калмыкоў кажа, што цяпер у Беларусі няма патрэбных эканамічных абставін, таму канцэртныя агенцтвы Rolling Stones не пацягнуць. Але самім "Ролінгам" проста неабходна імкнуцца ў Беларусь, бо любая перыферыя — акурат іх месца:
"Беларусы пойдуць на Rolling Stones. Гэта ўсё ж героі ўчорашніх дзён. А героі ўчорашніх дзён лепш збіраюць на перыферыі. Перакананы, што прамоўтары ўжо не раз пралічылі, што прывозіць брытанцаў да нас немэтазгодна".
Піяр-менеджар канцэртнага агенства AllStars Вольга Жукевіч упэўнена, што Беларусь не гатовая да “Ролінгаў”. Да таго ж, яна не выключае, што беларусы не пойдуць на канцэрт брытанцаў:
"The Rolling Stones робяць дарагое шоў, да якога эканоміка нашай краіны не гатовая. Калі іх везці ў "Мінск-Арэну", квіткі ў любым выпадку будуць дарагімі, бо ўсе затраты, ганарары, бытавыя і тэхнічныя райдары — немаленькія. Баюся, што людзі не змогуць сабе дазволіць набыць квіток мінімум за 200 долараў. Да таго ж, я не ўпэўненая, што The Rolling Stones сабралі б "Мінск-Арэну" — у Беларусі людзі не такія ўжо і музыкальныя і не такія ўжо і адукаваныя".
Па словах Вольгі, сітуацыя можа памяняцца, калі адкрыецца стадыён "Дынама". Маўляў, тады перад беларускімі прамоўтарамі адкрыюцца новыя далягляды.
Прамоўтар Уладзімір Шаблінскі сцвярджае, што стадыён, на які маглі б прыехаць выступаць зоркі першай велічыні, павінен адпавядаць самым сучасным стандартам.
"У Беларусі на сёння няма пляцоўкі, здольнай прыняць гэты калектыў. Цяпер самая буйная пляцоўка — гэта "Мінск-Арэна" на 15 тысяч чалавек. Прывозячы туды, тэарэтычна, The Rolling Stones і дзелячы ганарарны складнік на колькасць месцаў у зале, мы атрымаем квіткі коштам у тысячу долараў. Натуральна, у Беларусі не знойдзецца 15 тысяч чалавек, здольных заплаціць такія грошы. То бок, гэта мусіць быць стадыён на мінімум 50 тысяч чалавек. Тады адно пасадачнае месца ў сярэднім будзе каштаваць сто долараў".
На думку Шаблінскага, зыходзячы з досведу трох канцэртаў Depeche Mode у Мінску, беларусы здольныя аддаць за канцэрт сто долараў. І Rolling Stones пры такім раскладзе як мінімум адзін раз мінскі стадыён сабралі б. Але пакуль, кажа Уладзімір, Беларусь — гэта не тэрыторыя самых вялікіх сусветных зорак.
"Мяркую, рэальным прыхільнікам лепш не чакаць, а ехаць у Прагу ці Берлін. Будзе танней", — рэзюмуе Шаблінскі.
Таму наперад: 22 чэрвеня — OLYMPIASTADION, Берлін, 4 ліпеня — LETNANY AIRPORT, Прага, 8 ліпеня — STADIUM NARODOWY, Варшава. І легенда ваша.