Час чакання больш за суткі — выезду ў Польшчу на мяжы чакаюць 75 аўтобусаў
Чарга на беларуска-польскай мяжы, ілюстрацыйнае фота
Вялікія чэргі захоўваюцца на беларуска-польскай мяжы. Па дадзеных на 8 гадзін панядзелка сваёй чаргі на выезд у пункце пропуску "Брэст" чакалі 75 аўтобусаў і 450 аўтамабіляў. Гэта звесткі Дзяржпагранкамітэта Беларусі. Час чакання перавышае суткі. Некаторыя перавозчыкі прапануюць сваім пасажырам перасесці ў аўтобусы, што стаяць наперадзе (бліжэй да шлагбаума). Але і ў гэтым выпадку на перасячэнне мяжы сыходзіць па 13-14 гадзін. Перавозчыкі вымушаныя таксама пераносіць зваротныя рэйсы з Варшавы ў Мінск. Пры гэтым у зваротным кірунку чэргаў практычна няма.
У пунктах пропуску на літоўскай і латвійскай мяжы абстаноўка спакайней. Перад ПП "Каменны лог" на літоўскай мяжы стаяць 50 легкавых аўтамабіляў, чаргі аўтобусаў няма. Яшчэ 40 легкавых аўтамабіляў чакаюць сваёй чаргі перад ПП "Беняконі". У ПП "Грыгароўшчына" на мяжы з Латвіяй чаргі з легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў няма.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.