Чатыры гады пасля Плошчы: Чым жывуць яе героі і антыгероі
Эміграцыя, праца на ціхай няпыльнай пасадзе, турма, хатнія справы і выхаванне дзяцей — Еўрарадыё сабрала некалькі чалавечых гісторый.
Алесь Міхалевіч, у снежні 2010 года кандыдат у прэзідэнты, цяпер — супрацоўнік невялікай фірмы ў Чэхіі, знаходзіцца ў вышуку Інтэрпола.
Жыву цяпер на захадзе Чэхіі. У невялікай вытворчай фірме, спецыялістам па экспарце. Я вельмі незадаволены той сітуацыяй, у якой цяпер знаходжуся. Я далёка ад сваёй сям’і, ад Беларусі. Спрабую зрабіць нешта, каб вярнуцца ў Беларусь, альбо хаця б пераехаць бліжэй. У Вільню, магчыма. Мае погляды абсалютна не змяніліся. Застаюцца такімі ж, як і тады. У гэтым плане ніякіх зменаў. Але палітыкам у эміграцыі немагчыма быць. Таму ў дадзены момант займаюся тым, чым магу. Што прыносіць нейкае задавальненне, нейкія грошы.
На вялікі жаль, я застаюся апошнім абвінавачаным па справе аб масавых беспарадках. Шмат разоў звяртаўся ў Следчы камітэт з просьбай спыніць крымінальную справу ў дачыненні да мяне за адсутнасцю складу злачынства. Кожны раз мне нематывавана адмаўляюць. Па-ранейшаму знаходжуся ў міжнародным вышуку, маю вялікія абмежаванні ў падарожжах. Фактычна, па-за тэрыторыю Еўрасаюза безпраблемна выязджаць не магу.
Анатоль Куляшоў, у снежні 2010 года — міністр унутраных спраў, цяпер — чыноўнік у Выканкаме СНД, неўязны ў краіны ЕС.
Як расказала Еўрарадыё сакратарка Выканкама СНД у Мінску, Анатоль Куляшоў цяпер працуе там дарадцам, у Аддзеле па супрацоўніцтве ў сферы барацьбы са злачыннасцю, тэрарызмам і наркапагрозай. Ходзіць на працу ў будынак насупраць стадыёна “Дынама”.
Пасаду міністра унутраных спраў Куляшоў пакінуў ў траўні 2012 года. Па адной версіі, праз інтрыгі, па іншай — праз цяжкую хваробу. Хадзілі чуткі, што Анатоль Куляшоў захварэў на рак.
Наста Дашкевіч (Палажанка), пасля разгону Плошчы — самая маладая кліентка “Амерыканкі”, цяпер у дэкрэтным адпачынку.
Ну, чым я займаюся… Я цяпер гадую дачку, дапамагаю мужу. Цэлымі днямі хатнія справы. Збольшага з дачкой вязаныя, вядома. Вучымся сядаць, поўзаць. Размаўляем, гуляемся. Такія, поўныя пазітыву дні. Вось збольшага гэтым займаюся. Я стараюся не выпадаць з кантэксту, але грамадскае жыццё цяпер збольшага фонавае. Шмат часу яму не аддаю. У прынцыпе, нічога такога і не адбываецца. Першаснае ў мяне цяпер — хатнія справы. Дачцэ шэсць месяцаў, самі разумееце.
Час, праведзены ў “Амерыканцы”, фактычна не згадваю. Часам, бывае, з сядзеўшымі сябрамі жартуем, параўноўваем умовы. Шмат прайшло пасля гэтага ўсяго, шмат добрых і пазітыўных зменаў. Таму, хутчэй, — не. Хаця, вось зараз гадавіна, мы перапісваемся з Халіп. Цяпер вось рыхтуецца тэатральная пастаноўка пра жанчын у “Амерыканцы”. Да мяне прыходзілі, распытвалі. Дзяўчына нейкая будзе граць мяне на сцэне. І мы з ёй размаўлялі, распытвала, што і як там. Дык я расказвала, у што была апранутая, іншыя рэчы. У чым на допыты хадзіла. Самой цікава было прыгадаць.
А так, я фактычна тыя часы не ўзгадваю. Стаўленне да тых падзей не змянілася. Лічу, што Плошча была неабходнай. Што дзеянні палітыкаў былі безадказнымі. Лічу, што неабходная праца над памылкамі. У мяне расчараванне ад палітыкаў. Вера ў звычайных людзей умацавалася. Я пазбавілася ілюзій.
Ігар Яўсееў, у канцы 2010 года — Начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Мінска, цяпер кіруе віцебскай абласной міліцыяй.
Сёння працуе начальнікам Віцебскага абласнога кіравання ўнутраных спраў. У Віцебск перавёз сям’ю — мае жонку і траіх дзяцей. Кажа, што Віцебск яму падабаецца. Але на вуліцах горада, як некалі ў Мінску, Яўсеева пабачыць складана. Затое можна прыйсці на прыём — трэцяя серада месяца, з 8-мі да 17-ці. З трохгадзінным перапынкам на абед.
Мікола Статкевіч, у снежні 2010 года — кандыдат у прэзідэнты, цяпер — вязень магілёўскай турмы №4 (запісана са словаў жонкі Марыны Адамовіч).
Бачыўся на днях з жонкай. Спадзяюся, што гэта наша апошняя сустрэча ў турме. 12 студзеня завяршаецца мой трохгадовы тэрмін пагаршэння ўмоваў утрымання, мяне павінны этапаваць у нейкую калонію. Яшчэ амаль на два гады. Так што, перамены мяне чакаюць.
Як выглядае мой дзень? Падымаюся ў шэсць гадзін, адбой — у дзесяць. На вялікія святы бывае невялікае паслабленне. Неяк у нас у камеры разеткі працавалі толькі па пэўных гадзінах. Але цяпер я ўжо дамогся, што ток даюць пастаянна. Таму магу чытаць, магу тэлевізар глядзець. Гляджу навіны ў асноўным. Цяпер нас тут на лічбавае вяшчанне перавялі, ёсць восем каналаў. Беларускія і расійскія. Самы прыстойны — тэлеканал “Мір”. Тры разы на дзень практыкаванні раблю фізічныя, на розныя групы мышцаў. На вуліцы часам, падчас штодзённага шпацыру. На дах турмы нас выпускаюць. Па сутнасці — тая ж камера. Толькі без столі — там краты на ёй. Я гэтых шпацыраў ніколі не прапускаю. Хаджу пры любым надвор’і.
Яшчэ я зараз курс дыстанцыйны па англійскай мове заканчваю. Для пачаткоўцаў, я ж не ведаў яе зусім раней. Закон мне дазваляе адукацыю ў турэмных умовах. Курс, разлічаны на год, прайшоў за паўгода. Апошнюю з дваццаці кніг заканчваю. Яшчэ чытаю шмат, газет чытаю. Тут ёсць падпіска. Вось “Беларусы і рынак” вярнулі ў падпісны каталог, абрадаваўся.
На лісты адказваю. На кожны ліст, які да мяне дайшоў і які мае зваротны адрас, я адказваю. Вядома, не магу даць гарантыі, што ўсе мае адказы даходзяць. Але калі яго няма, то гэта не праз мяне. Адпісваю на ўсе лісты, што атрымліваю.
Дар’я Каткоўская, юрыст, пасля разгону Плошчы 19 снежня займалася арганізацыяй збору дапамогі для арыштаваных. Месца працы не змяніла.
Я цяпер жыву ў Ізраілі, апошнія паўгода. Так склалася, па асабістых прычынах. Але па-ранейшаму працую ў буйной юрыдычнай фірме, якая знаходзіцца ў Беларусі. Тут нічога не змянілася. Збіраюся вяртацца, не збіраюся з’язджаць.
З’явіліся новыя сябры, некалькі сяброўстваў скончыліся пасля Плошчы. Прайшоў вельмі вялікі этап майго жыцця. Тое, кім я цяпер ёсць, шмат у чым вынік наступнага пасля выбараў года. 19 снежня — мой Дзень нараджэння. І той свой Дзень нараджэння я не забуду ніколі.
Увесь 2011 год быў звязаны з падзеямі канца 2010. Гэта вельмі доўга не адпускала. У 2012 разам з вялікім калектывам аўтараў удзельнічала ў стварэнні кнігі “Плошча: Пасляслоў’е”. Там аналізаваліся ўсе юрыдычныя аспекты адміністрацыйных і крымінальных спарваў, звязаных з Плошчай.
Плошча паўплывала моцна. Некалькі гадоў пасля яе я працавала з рознымі праваабарончымі арганізацыямі. Не заўсёды непасрэдна над тэмай палітвязняў, але супрацоўніцтва доўжылася.
Мая Абромчык. У снежні 2010 года вучылася на гістфаку БДУ, была жорстка збітая на Плошчы, доўга лячылася, цяпер вучыцца ў дактарантуры ў Любліне.
Вучуся ў дактарантуры ў Польшчы, паліталогію вывучаю. Універсітэт Марыі Складоўскай-Кюры ў Любліне. Але я давучалася ў Мінску, атрымала дыплом. Потым працавала нейкі час. У 2012 годзе ў Польшчу пераехала. Хачу вывучыць мовы, паглядзець, якім чынам тут развіваецца паліталогія, якія даследаванні ў гэтай галіне.
Я часта бываю ў Беларусі, сачу за тым, што тут адбываецца. Цяпер таксама сачу за падзеямі ва Украіне. За чатыры гады маё стаўленне да падзей на Плошчы не асабліва змянілася. Без эмоцый той дзень узгадваю. Не ведаю нават, што вам пра гэта сказаць. Але тыя падзеі моцна на мяне паўплывалі. Стала па іншаму людзей ацэньваць, больш дарослая стала, напэўна. Навучылася спраўляцца з цяжкасцямі. Вельмі ацаніла падтрымку людзей. Цяпер таксама стараюся дапамагаць, калі нехта ў складанай сітуацыі. Я б хацела вярнуцца ў Беларусь пасля завяршэння вучобы. Хачу тут нешта карыснае рабіць для навукі.
Аднавіцца пасля траўмы мне не ўдалося. Стараюся працаваць над сабой, займаюся фізкультурай. Але траўма была вельмі складанай, я не аднавілася на 100%.
Фота Еўрарадыё, "Радыё "Свабода", tut.by.