"Чуткі мы не ка-мен-ту-ем!" Што вядома пра новае здарэнне на АЭС

"Чуткі мы не ка-мен-ту-ем!" Што вядома пра новае здарэнне на АЭС

25 ліпеня адразу некалькі беларускіх незалежных СМІ паведамілі пра тое, што на пляцоўцы будаўніцтва Астравецкай АЭС адбылося чарговае здарэнне. Гэтым разам вельмі сур'ёзнае — падчас мантажу з вышыні 2 метраў (па іншых звестках — з 4) на зямлю абрынуўся корпус будучага рэактара. Паведамляецца, што здарэнне адбылося яшчэ 10 ліпеня і пра яго дагэтуль няма ніякай афіцыйнай інфармацыі — усе чуткі і здагадкі ідуць выключна ад мясцовых жыхароў, тым альбо іншым чынам звязаных з будаўніцтвам АЭС.

Еўрарадыё знаходзіць першакрыніцу інфармацыі — астравецкага актывіста Мікалая Уласевіча. Гэта ён у сваім фэйсбуку першы расказаў пра меркаванае здарэнне. Уласевіч прызнаецца, што пачуў пра яго ад іншых.

"Я думаю, што дыму без агню не бывае. І сам факт гэтай інфармацыі, якая па Астравецкім раёне распаўсюджваецца настолькі шырока і настолькі масава, сумневаў у здарэнні не выклікае. Нават сёння з раніцы мне расказалі, што ён (корпус рэактара — Еўрарадыё) абрынуўся са значна большай вышыні — дзесьці з дзесяці метраў", — расказвае ён.

Па інфармацыі таго ж Уласевіча, месца здарэння ўжо два тыдні як ачэпленае "людзьмі ў чорным", якія туды "нікога не пускаюць". Актывіст гаворыць, што кантроль над будаўнікамі і ўцечкамі інфармацыі асабліва ўзмацніўся пасля шуму, які ўсчалі літоўскія СМІ (маецца на ўвазе інцыдэнт з абвалам апалубкі — Еўрарадыё). Разам з тым актывіст прызнаецца, што на ўласныя вочы нічога не бачыў.

"Чуткі мы не ка-мен-ту-ем!" Што вядома пра новае здарэнне на АЭС
Той самы корпус рэактара вагой 330 тон, які нібыта абрынуўся на будаўнічай пляцоўцы з вышыні ад 2 да 10 метраў.

У Дырэкцыі будаўніцтва Астравецкай АЭС ні пацвердзіць, ні абвергнуць інфармацыю Уласевіча не могуць. Каментары даваць адмаўляюцца катэгарычна. У Інфармацыйным цэнтры АЭС толькі раяць: пішыце пісьмовы запыт, мы вам адкажам паводле ўстаноўленага законам парадку. Але сказаць, ці ёсць рэальная нагода для гэтага запыту, зноў жа адмаўляюцца:

― Ніякай інфармацыі не будзе, ніякіх каментароў. Мы чуткі ўвогуле не каментуем. Чуткі мы не ка-мен-ту-ем.

― Але вы разумееце, што адмовай каментаваць выклічаце яшчэ больш чутак?

― Так, разумею. Але каментароў не будзе.

Крыху больш можна даведацца ў Мінэнерга. Прэс-сакратар ведамства Жанна Зянькевіч гаворыць, што інфармацыя пра магчымае здарэнне на будоўлі АЭС з удзелам корпуса рэактара да міністэрства дайшла. Цяпер яна правяраецца.

"Інфармацыя аб надзвычайным здарэнні на АЭС на дадзены момант правяраецца. Па выніках будзе дадзеная дадатковая інфармацыя. Правяраем. Пакуль не магу сказаць, калі праінфармуем. Мы стараемся заўсёды інфармаваць, каб не было скажонай інфармацыі і недасказанасці", — расказвае чыноўніца.

Тым часам чуткі пра новае здарэнне дайшлі нават да прэзідэнта Літвы Далі Грыбаўскайтэ. "Беларусь унікае адказаў на пытанні пра бяспеку, не жадае пусціць назіральнікаў, і гэта выклікае ў нас непакой увесь час", — сказала яна. Кіраўнік Беларусі пакуль маўчыць.

У другой палове 26 ліпеня на сайце агенцтва БЕЛТА з'явілася паведамленне, згодна якому інфармацыя аб пашкоджанні корпуса рэактара Астравецкай АЭС не адпавядае рэчаіснасці. "Інфармацыя, якая распаўсюджваецца ў інтэрнэце пра нібыта надзвычайнае здарэнне з пашкоджаннем корпуса рэактара, не адпавядае рэчаіснасці", ― гаворыцца ў ім. Агенцтва спасылаецца на крыніцу Групе кампаній АСЭ, якая з'яўляецца генпадрадчыкам будаўніцтва Беларускай АЭС. "Што тычыцца сутнасці пытання, то паведамляем, што корпус рэактара знаходзіцца за межамі рэактарнага аддзялення. Тэхнічных перашкодаў для яго ўстаноўкі на штатнае месца няма. Генпадрадчык чакае дазволу на правядзенне аперацый па мантажы ад наглядных органаў", ― тлумачаць там.

Разам з тым прамога адказу на пытанне, падаў корпус рэактара Астравецкай АЭС з вышыні 4 метраў, альбо не падаў, па-ранейшаму няма.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі