Мінэнерга пацвердзіла пазаштатную сітуацыю на будаўніцтве АЭС

Мінэнерга пацвердзіла пазаштатную сітуацыю на будаўніцтве АЭС

Міністэрства энергетыкі прызнала, што на будаўніцтве Беларускай АЭС адбылася пазаштатная сітуацыя з рэактарам.

Звесткі пра здарэнне на Астравецкай АЭС з'явіліся ў СМІ ўвечары 25 ліпеня. Паведамлялася, быццам яшчэ 10 ліпеня пры трэніровачнай устаноўцы рэактара 330-тонны агрэгат зваліўся з вышыні ад 2 да 4 метраў. Таксама з'яўляліся звесткі, што месца здарэння ачэпленае і знаходзіцца пад пастаяннай і узмоцненай аховай.

"Насамрэч, паводле інфармацыі генеральнага падрадчыка АТ "Атамбудэкспарт", пазаштатная сітуацыя адбылася на пляцоўцы захоўвання корпуса рэактара пры правядзенні такелажных работ па яго перамяшчэнні ў гарызантальнай плоскасці", — паведамляецца на сайце Мінэнерга.

Беларускі бок запатрабаваў у генпадрадчыка "ўсе неабходныя дакументы і звесткі". Паводле інфармацыі Мінэнерга, аналіз сітуацыі яшчэ працягваецца. Прадстаўнікі міністэрства запэўніваюць, што далейшае рашэнне будзе прымацца зыходзячы з безумоўнага забеспячэння бяспекі АЭС.

Як паведамляла Еўрарадыё, на самой АЭС яшчэ і 26 ліпеня адмаўляліся каментаваць падзею і казалі, што гэта толькі чуткі.

За некалькі гадзін да каментара Мінэнерга генпадрадчык будаўніцтва — група кампаній "АСЭ" заявіла, што звесткі пра надзвычайную сітуацыю на АЭС не адпавядаюць рэчаіснасці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі