Чым Беларусь адкажа Еўропе на адмену гандлёвых прэферэнцыяў?

Беларускія эксперты лічаць, што еўрапейскія чыноўнікі рызыкуюць не патрапіць у Беларусь. 21 чэрвеня Еўрасаюз адменіць гандлёвыя прэферэнцыі для Беларусі. Цяпер штогод нашая краіна будзе губляць каля 400 мільёнаў еўра. Аднак мы цярпець гэтага не збіраемся. “Беларусь будзе вымушаная прыняць сустрэчныя меры ў адносінах да прадукцыі з Еўрасаюза”, — заявіў днямі намеснік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Еўдачэнка. Нагадаем, генеральная сістэма прэферэнцыяў — гэта мытныя льготы для 77 краінаў, якія развіваюцца. Сюды ўваходзяць таксама краіны былога Савецкага Саюзу, краіны былога сацыялістычнага лагера, што пакуль не ўступілі ў ЕС, і Кітай. Гандлёвымі прэферэнцыямі, а гэта зніжэнне на 10% мытных пошлінаў, карыстаюцца тыя краіны, якія захоўваюць правы чалавека, у тым ліку правы незалежных прафсаюзаў.

На думку Міжнароднай арганізацыі працы, Беларусь гэтыя правы не захоўвае. Аднак наш урад замест таго, каб палепшыць справы з прафсаюзамі, пойдзе на іншыя меры. Якімі могуць быць гэтыя меры, адказвае эканаміст Аляксандр Патупа:

“Хіба што паспрабаваць падняць пошліны на нейкія групы еўрапейскіх тавараў. Але пры гэтым, натуральна, грамадзяне панясуць страты”.

З такой думкай не згодны палітолаг Юрый Шаўцоў:

“Думаю, наўрад ці магчымыя нейкія санкцыі ў адказ. Ну хіба што нешта сімвалічнае і неістотнае. Напрыклад, у нас ужо былі выпадкі, калі візы не даваліся нейкім еўрапейскім чыноўнікам ці дэпутатам.

Думаю, што гэта згарача сказана намеснікам міністра. І потым, еўрапейскі рынак — гэта ёсць прынцыпова прыярытэтнае пытанне. Я не думаю, што мы будзем сыходзіць з яго, нават калі супраць нас увядуць сапраўдныя санкцыі”.

А сыйсці з рынку так проста не атрымаецца. Пераарыентацыя беларускай прадукцыі, якую абяцае і Лукашэнка, і МЗС, справа цяжкая, доўгатэрміновая і няўдзячная. Працягвае Юрый Шаўцоў:

“Тыя мільёны, што мы згубім, гэта занадта вялікая сума, каб мы змаглі хутка пераарыентавацца”.

Рабіць у любым выпадку штосьці давядзецца. Сустрэчныя меры ў адказ, пераарыентацыя рынку ці нават паляпшэнне сітуацыі з незалежнымі прафсаюзамі — на ўсё гэта спатрэбіцца час. І ў кожным разе беларусы будуць цярпець страты. Да таго ж, спрабаваць выправіць некаторыя рэчы адносна прафсаюзаў цяпер аказалася позна. Тлумачыць Аляксандр Патупа:

“Многія арганізацыі ў значнай ступені збанкрутавалі. Ці пастаўленыя ў больш цяжкія ўмовы, арганізацыі, вядома, гублялі членскую базу. Ну, адкуль яе зараз возьмеш? Ці як вызначыць, напрыклад, страты? Чым мусіць дзяржава гэта кампенсаваць?”

Але дзяржава, відаць, вырашыла заняцца не выпраўленнем унутранай сітуацыі, а ўвядзеннем сустрэчных мераў Еўрасаюзу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі