Чым калгасы засеюць 1600 гектараў былых радыяцыйных зямель?

Чым калгасы засеюць 1600 гектараў былых радыяцыйных зямель?

Амаль 1600 гектараў радыяцыйна небяспечных зямель вяртаюць сельгасгаспадаркам. Адпаведную пастанову 8 студзеня падпісвае прэм’ер-міністра Андрэй Кабякоў. Філіялу “Савецкая Беларусія” ААТ “Рэчыцкі камбінат хлебапрадуктаў” вяртаюць у гаспадарчае выкарыстанне 41,23 гектары. Што на іх будуць вырошчваць і ці патрапіць вырашчанае на наш стол?

Дырэктар сельгасгаспадаркі Андрэй Карпека пра вяртанне звыш 40 гектараў радыяцыйна небяспечнай зямлі даведаўся з паведамленняў… у СМІ. І вельмі здзіўлены такому падарунку.

“На 10,5 тысячы гектараў знайсці канкрэтны ўчастак у 41 гектар з завышанай радыяцыяй гэта нешта… Я разумею, участак у 5 тысяч гектараў, які патрапіў пад забруджванне. А як вы сабе ўяўляеце 41 гектар забруджаны? Я нават не ўяўляю, дзе гэты ўчастак размешчаны! Таму і адказаць вам на гэты конт нічога не магу. А найперш, не разумею, як яна там апынулася: тут табе яна брудная, а там ― чыстая”, ― разгублена кажа Андрэй Карпека.

Тым не менш кіраўнік гаспадаркі ўпэўнены: калі такая забруджаная радыяцыяй зямля на тэрыторыі яго гаспадаркі была і цяпер яе вяртаюць у выкарыстанне, то не таму, што гэтага проста некаму захацелася. А значыцца, там можна вырошчваць усё што заўгодна.

Андрэй Карпека: “Вядомая справа, што грунтовымі водамі вымываюцца верхнія слаі. А прадуктыўны слой ― паверхневы, не капаем жа мы на пяць метраў углыбіню. І таму на такіх землях, калі пацверджана, што там не няма павышанага ўтрымання цэзію-стронцыю, вырошчваць можна ўсё, што заўгодна. Уся наша прадукцыя, а гэта зерне, малако, кармы, праходзяць лабараторныя даследаванні на ўтрыманне радыеактыўных рэчываў ― у нас гэта ўсё пад кантролем. Калі б гэта недзе вылезла, яно б паказала, я так разумею…”

Але спачатку тыя 41 былыя радыеактыўныя гектары трэба знайсці. Магчыма, кажа Андрэй Карпека, яны недзе сярод “лугавых зямель” і ці будзе там нешта апроч травы вырошчвацца ― невядома.

Сельгаспрадпрыемству “Дубровіца” вяртаюць 305,66 гектара радыяцыйна небяспечных зямель. Праўда, толькі для “абмежаванага гаспадарчага выкарыстання”.

Як высвятляецца, старшыня гаспадаркі Галіна Кашчэева, як і яе калега, нічога пра рашэнне Саўміна не ведае.

Галіна Кашчэева: “Шчыра кажучы, я яшчэ і не ведала, што нам выдзяляюць гэтыя землі… Звычайна, нам упраўленне сельскай гаспадаркі паведамляе, але пакуль не было”.

На пытанне пра тое, што на такой зямлі можна вырошчваць, мая суразмоўца адказвае коратка: “Пасадзім лес, і няхай расце”.

“Я ж пакуль не ведаю, колькі там кюры ― да 15, пяці, трох ці двух на квадратны метр. Таму, што будзем там вырошчваць, залежыць ад забруджанасці зямлі. Але што б мы ні вырошчвалі, яно ўсё адно пойдзе на корм жывёле”.

Ці не шкоднае для здароўя будзе, да прыкладу, малако, якое дасць карова, накормленая вырашчанай на той зямлі травой?

Галіна Кашчэева: “Ведаеце, чалавек да ўсяго прывыкае. Шкодна ці не шкодна, але ж мы засталіся тут жыць. Хто лічыў, што шкодна тут ўсё ― той з’ехаў. А мы засталіся. Вядома, кажуць, што шкодна тут усё. Але я шчыра вам скажу: тыя, хто з’ехаў, хутчэй уперад нагамі прыехалі сюды, чым тыя, хто тут застаўся. Так, мы кажам, што радыяцыя на нас уплывае. Але наколькі яна ўплывае? Бо ёсць жа і карысныя якасці ў той радыяцыі. Вунь, кажуць, што электрычны ток забівае. Але ў той жа час паглядзіце, як добра растуць ягады пад высакавольтнымі лініямі!”

Але на заканчэнне абяцае, што на выведзеных з катэгорыі радыяцыйна небяспечных землях ні пшаніцу, ні бульбу альбо буракі вырошчваць не будуць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі