Не дазволілі пікет, дзе мусіў быць плакат "Беларусь — мірнае неба"
Баранавіцкі грамадскі актывіст Мікалай Чарнавус і яго паплечнікі планавалі правесці акцыю 8 верасня.
Яны хацелі выказаць публічны пратэст супраць размяшчэння ў Беларусі замежных вайсковых базаў. Аднак гарвыканкам згоды на правядзенне пікету не даў. Прычынай адмовы чыноўнікі назвалі прыцягненне ў лістападзе мінулага года Чарнавуса да адміністрацыйнай адказнасці "за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў". Яго тады аштрафавалі за арганізацыю дабрачыннага абеда.
На пікет баранавіцкія актывісты збіраліся выйсці з плакатамі "Беларусь — мірнае неба” і “Беларусь — нейтральная краіна”.
Нагадаем, днямі пікеты супраць замежных вайсковых базаў забаранілі і ў Слоніме. Яны таксама планаваліся на 8 верасня. 26 жніўня ў Мінску за правядзення адзіночнага пікету супраць расійскіх вайсковых базаў быў затрыманы магілёўскі актывіст Мікалай Гладышаў. У той жа дзень яго асудзілі на 10 сутак арышту. Раней ён быў аштрафаваны за правядзенне падобнага пікета ў Магілёве (на здымку).