Ці патрэбна Беларусі ў Мытным саюзе Украіна?
Еўрарадыё аналізуе магчымыя наступствы для Беларусі адмовы Украіны падпісваць дамову аб асацыяцыі з Еўрасаюзам.
З-за шантажу з боку Расіі Украіна адмаўляецца ад далейшага збліжэння з Еўрасаюзам. Пра гэта прэзідэнту Літвы Далі Грыбаўскайтэ паведаміў асабіста кіраўнік Украіны Віктар Януковіч. І цяпер Кіеў будзе наладжваць стасункі з Масквой ды Мытным саюзам. Ці пойдзе на карысць Беларусі такое рашэнне ўкраінскіх уладаў?
На думку беларускага палітолага Юрыя Чавусава, жаданне Кіева зблізіцца з Масквой будзе не на карысць афіцыйнаму Мінску. Цяпер і палітычная, і “датацыйная” ўвага Крамля, лічыць эксперт, будзе найперш скіравана на Украіну, а не на Беларусь, як раней.
Юрый Чавусаў: “Да 2015 года Расія будзе рабіць усё магчымае для таго, каб прыцягнуць на свой бок украінскіх алігархаў, украінскіх прамыславікоў і ўвогуле ўкраінскае грамадства. Беларусь будзе другарадным аб’ектам увагі Масквы. І ў гэтым сэнсе Лукашэнка не задаволены тым, што адбываецца цяпер”.
Юрый Чавусаў
Нічога для афіцыйнага Мінска з-за рашэння Кіева ісці на збліжэнне з Масквой не зменіцца, упэўненая навуковы супрацоўнік Фінскага інстытута міжнародных адносінаў Анаіс Марын.
Анаіс Марын: “Для Расіі выдаткі на Беларусь – гэта нішто. Расія можа сабе іх дазволіць. Тым больш што гэта – стратэгічны інтарэс. І таму яны не будуць два разы думаць: “Даць ці не даць?” ці “Даць Беларусі альбо Украіне?” – грошай, мне падаецца, шмат”.
Адзінае, дадае эксперт, разабраўшыся з еўраінтэграцыяй Украіны, Крэмль пачне больш увагі надаваць Беларусі. Непажаданай увагі – патрабаваць прыватызацыі, настойваць на зліцці МАЗа і КаМАЗа…
Не так ужо і шмат грошай у Расіі, каб траціць іх без роздуму, расчароўвае дацэнт кафедры глабальных інфармацыйных працэсаў і рэсурсаў Маскоўскага інстытута міжнародных адносінаў Кірыл Коктыш.
Кірыл Коктыш: “У Расіі ўжо сёлета будзе даволі істотны бюджэтны дэфіцыт – эканоміка сышла ў час стагнацыі. І гэта значыць, што ў Расіі не будзе хапаць грошай нават на саму сябе”.
Кірыл Коктыш
Тым не менш, суразмоўца Еўрарадыё лічыць, што для Беларусі ад рашэння Украіны нічога не зменіцца – “інтэграцыйныя датацыі” ў выглядзе танных нафты і газу будуць працягвацца.
З тым, што нічога ў адносінах Беларусі і Расіі не зменіцца незалежна ад таго, будзе Украіна “злівацца ў абдымках з Расійскай Федэрацыяй”, ці не, згодны і старшыня праўлення Інстытута ўкраінскай палітыкі, сябра Гуманітарнага савета пры прэзідэнце Украіны Косць Бандарэнка.
Косць Бандарэнка: “Наўрад ці гэта (адмова Украіны ад падпісання дамовы аб асацыяцыі з ЕС – Еўрарадыё) адаб’ецца на адносінах Мінска і Масквы. Тым больш што Мінск, назіраючы за перамоўным працэсам Украіны з Еўрасаюзам, вуснамі Лукашэнкі пастаянна казаў, што гандлёвыя адносіны з Украінай будуць захаваныя, які б шлях не абрала Украіна”.
Косць Бандарэнка
Але калі Украіна абярэ шлях на далучэнне да Мытнага саюзу, то гэта стане непрыемным сюрпрызам для Беларусі, папярэджвае Анаіс Марын.
Анаіс Марын: “Цяпер і з ЕС, і з Расіяй Беларусь можа гандляваць самастойна, а калі Украіна ўвойдзе ў Мытны саюз, то ён узмацніцца. І Бруселю давядзецца гандляваць з гэтым саюзам, а не з асобнымі краінамі”.
Анаіс Марын
Не бачыць ад уваходжання Украіны ў Мытны саюз пазітыву для Беларусі і Кірыл Коктыш.
Кірыл Коктыш: “Калі б Украіна далучылася да Мытнага саюзу, то, фактычна, яна б там атрымала віцэ-прэзідэнцкія паўнамоцтвы і Беларусь апынулася б на другасных, а можа і на больш далёкіх ролях”.
Вось толькі з Януковічам пра такое далучэнне Масква гаварыць не будзе, упэўнены эксперт. Размова на гэты конт пойдзе з новым прэзідэнтам Украіны, абраным у 2015 годзе. А ў тым, што гэта не будзе Віктар Януковіч, Кірыл Коктыш упэўнены.
Ніякага далучэння не будзе ні пры Януковічы, ні пры іншым прэзідэнце – гэта супярэчыць базісным дакументам Украіны і прынцыпам суверэнітэту, сцвярджае Косць Бандарэнка. А вось падпісаць дамову аб асацыяцыі з ЕС можна ў любы момант – ці то ў 2014, ці ў 2015, ці ў любы іншы год. Маўляў, адмаўляючыся ад падпісання пагаднення з ЕС, Украіна не адмаўляецца ад планаў еўраінтэграцыі. Што будзе толькі на карысць Беларусі.
Нагадаем, саміт Усходняга партнёрства пройдзе ў Вільні 28-29 лістапада. Падчас яго Украіна планавала падпісаць дамову аб асацыяцыі з ЕС. Для гэтага заставалася выканаць фактычна адно пытанне – вызваліць з-за кратаў былога прэм’ер-міністра Украіны Юлію Цімашэнка, якую ў ЕС лічаць палітвязнем. Але Вярхоўная рада так і не здолела прыняць закон “Аб лячэнні за мяжой”, які дазволіў бы выканаць гэта патрабаванне. А 21 лістапада Кабінет міністраў Украіны прыпыніў працэс падрыхтоўкі да падпісання дамовы аб асацыяцыі з ЕС. 22 лістапада прэзідэнт Украіны падчас тэлефоннай размовы з прэзідэнтам Літвы Даляй Грыбаўскайтэ патлумачыў такое рашэнне эканамічным ціскам і шантажом з боку Расіі.
Вечарам 21 лістапада ўкраінцы выйшлі на першы “Еўрамайдан” – акцыю пратэсту супраць такога рашэння ўладаў. А лідар парламенцкай фракцыі "Батьківщина" Арсеній Яцэнюк абвінаваціў Віктара Януковіча і прэм’ер-міністра Мікалая Азарава ў дзяржаўнай здрадзе і заявіў, што прыпыненне еўраінтэгацыйнага шляху Украіны з’яўляецца падставай для імпічмэнту прэзідэнта і Кабінета міністраў.
Лідар партыі "УДАР" Віталь Клічко на Еўрамайдане
Фота: censor.net.ua, www.pravda.com.ua, dimka34.livejournal.com, Змітра Лукашука