Ціханоўская сустрэлася з кіраўнікамі МЗС Аўстрыі, Балгарыі і Грэцыі
8 кастрычніка Святлана Ціханоўская правяла шэраг сустрэч з міністрамі замежных спраў краін Еўрасаюза, паведамляе яе прэс-служба.
З міністрам замежных спраў Аўстрыі Аляксандрам Шаленбергам Ціханоўская абмеркавала санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў. Яна падзякавала яму за тое, што Аўстрыя падтрымала беларускі "чорны спіс" і дадала, што ў яго павінныя ўвайсці Аляксандр Лукашэнка, а таксама тыя, хто займаўся фальсіфікацыямі на выбарах і разгонам мірных мітынгаў.
Ціханоўская абмеркавала з Шаленбергам магчымасць выкарыстаць Аўстрыю як пляцоўку для перамоваў пра новыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі. Закраналася ў размове і сітуацыя з аператарам А1, якія ўваходзіць у склад міжнароднай групы A1 Telekom Austria Group, і адключэннем інтэрнэту падчас вулічных пратэстаў.
З міністрам замежных спраў Балгарыі Кацярынай Захарыевай Ціханоўская абмеркавала магчымую праграму рэабілітацыі для пацярпелых падчас разгонаў, а таксама візавую падтрымку для беларусаў.
Тэма санкцыяў супраць беларускіх чыноўнікаў і сілавікоў закраналася таксама на сустрэчы з кіраўніком МЗС Грэцыі Нікасам Дэндзіясам. Ціханоўская прапанавала пашырыць персанальныя санкцыі на ўзроўні Грэцыі ды ўключыць у "чорны спіс" супрацоўнікаў міліцыі і спецназа, якія ўдзельнічалі ў разгоне мірных шэсцяў беларусаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.