Ціханоўская прапанавала ўключыць дэмсілы ў праграму ЕС "Усходняе партнёрства"
Святлана Ціханоўская ў Бруселі
Святлана Ціханоўская прапанавала ўключыць дэмакратычныя сілы ў праграму ЕС "Усходняе партнёрства". У сераду кіраўніца Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі выступіла на афіцыйным адкрыцці 11-й сесіі Парламенцкай асамблеі Euronest у Бруселі.
"Я аптымістычна гляджу на будучыню Беларусі, — гаварыла ў сваёй прамове Ціханоўская. — Бо бачу адвагу беларусаў, якія працягваюць змагацца, нягледзячы на тэрор сталінскага маштабу... Для нас, беларусаў, пакуль нашая краіна захопленая дыктатарскім рэжымам, "Усходняе партнёрства" з'яўляецца ключавым інструментам супрацоўніцтва з Еўрасаюзам. Але з фармальных прычынаў мы як дэмакратычныя сілы не можам прымаць удзелу ў працы ва ўсіх фарматах Усходняга Партнёрства. І мая сённяшняя прапанова палягае на тым, каб змяніць падыход да Беларусі ды афіцыйна аформіць удзел беларускіх дэмакратычных сілаў у праграме. Гэта быў бы не толькі жэст салідарнасці, але і дэманстрацыя таго, што ЕС выразна падзяляе беларускі народ і рэжым".
Рэжым Аляксандра Лукашэнкі прыпыніў удзел Беларусі ў праекце "Усходняе партнёрства" ў 2021 годзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.