Ціханоўская сказала, колькі беларускіх добраахвотнікаў загінула ва Украіне

Беларускія добраахвотнікі ва Украіне

Беларускія добраахвотнікі ва Украіне / t.me/belwarriors

Ва Украіне з 2014 года загінулі не менш за 40 беларускіх добраахвотнікаў. Такую лічбу назвала Святлана Ціханоўская на канферэнцыі "Шлях да Волі", якую ў Кіеве праводзіць полк Каліноўскага. Лідар дэмсіл удзельнічала ў канферэнцыі праз відэасувязь.

"Сама менш сорак беларусаў аддалі самае галоўнае — сваё жыццё — у гэтай барацьбе. Беларусь ніколі не забудзе вашай мужнасці і самаадданасці. Беларусь ніколі не забудзе імёны вашых адважных пабрацімаў, і мы зробім усё, каб іх ахвяра не была дарэмная", — заявіла Ціханоўская.

Журналістам сайта "Зеркало" ў палку Каліноўскага паведамілі, што з 24 лютага 2022 года загінулі 20 добраахвотнікаў палка. Яшчэ 20 чалавек загінулі з 2014 па 24 лютага 2022 года.

Першым беларусам, які загінуў за свабоду Украіны, быў Міхаіл Жызнеўскі. Ён загінуў 22 студзеня 2014 года падчас Рэвалюцыі Годнасці і стаў адным з першых герояў Нябеснай сотні. Прэзідэнт Пётр Парашэнка надаў яму пасмяротна званне Героя Украіны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі