ЦВК санкцыямі вырашыў навучыць апазіцыю разумець законы

У абноўленым выбарчым заканадаўстве ёсць забарона кандыдату ў дэпутаты вылучацца адразу па некалькіх выбарчых акругах. Але нічога не сказана, колькі ініцыятыўных груп можа ён рэгістраваць. “Што не забаронена — тое дазволена”, — вырашылі лідары АГП і Партыі БНФ Анатоль Лябедзька і Аляксей Янукевіч, намеснік лідара Руху “За свабоду” Алесь Лагвінец ды шэраг іншых актывістаў дэмсіл. І падалі на рэгістрацыю па некалькі ініцыятыўных груп у розных акругах.



Але выбарчыя камісіі вырашаюць па-іншаму і адмаўляюць у рэгістрацыі паплечнікам Лябедзькі, Янукевіча і Лагвінца. Чамусьці не пакінуўшы ніводнай ініцыятыўнай групы.



“Гэта сітуацыя паказвае, наколькі рэпрэсіўна трактуецца заканадаўства ўладамі, — абураецца Алесь Лагвінец. — Самы просты варыянт — сказаць патэнцыйным кандыдатам, што так не робіцца. У крайнім выпадку, самім прыняць рашэнне — па якой адной з акруг можа балатавацца тая ці іншая асоба”.

                                               Алесь Лагвінец



Не лічыць правільнай адмову ў рэгістрацыі адразу ўсіх ініцыятыўных груп і эксперт у выбарчым праве Сяргей Альфер.



Сяргей Альфер: “Калі ў Цэнтрвыбаркаме ўсё ж вырашылі, што можа быць толькі адна ініцыятыўная група, то рэгістраваць мусілі паводле прынцыпу першай падачы — у той акрузе, куды была пададзеная першая заява на рэгістрацыю”.

                                                 Сяргей Альфер



Тым больш што гэтак жа, як і прадстаўнікі апазіцыі, прачыталі новую норму Выбарчага кодэксу і асобныя сябры выбарчых камісій. І зарэгістравалі дзве ініцыятыўныя групы актывіста АГП Міколы Уласевіча ў Астравецкі раённы савет па акругах № 3 і № 15. Нават пасведчанні паспелі выдаць. Але Цэнтрвыбаркам на адмысловым пасяджэнні 21 студзеня ануляваў гэтую рэгістрацыю і не пакінуў магчымасці Уласевічу пазмагацца за мандат раённага дэпутата. Чаму так, цікавіцца Еўрарадыё ў сакратара ЦВК Мікалая Лазавіка.



Мікалай Лазавік: “Тут я згодны з вамі, што можна было і нейкі выбар зрабіць… Аднак мяркуецца, што грамадзянін, які ідзе ў дэпутаты, мусіць добра ведаць закон і правапрымяняльную практыку. Да ўсяго, тэрмін падачы дакумента на рэгістрацыю ініцыятыўных груп скончыўся. Пытацца: “Па якой акрузе ты маеш намер балатавацца?” — ужо позна. Таму дзеянні чалавека, які мае намер вылучацца кандыдатам у дэпутаты па некалькіх акругах, лічацца незаконнымі і камісія не рэгіструе ніводную ініцыятыўную групу. Можа быць, санкцыя занадта жорсткая, але яна справядлівая”.

                                   Мікалай Лазавік



Мікола Уласевіч падчас разгляду справы ў ЦВК даводзіў, што вылучацца адразу ў дзвюх акругах  не збіраўся — заканадаўства ведае. А дзве ініцыятыўныя групы рэгістраваў, каб падчас збору подпісаў вызначыць, дзе ў яго больш шансаў на падтрымку выбаршчыкаў. Аргумент не дапамог.



Але ж у выпадку з Лябедзькам, Янукевічам і Лагвінцом было інакш — ім адразу адмовілі ў рэгістрацыі ўсіх груп участковыя выбарчыя камісіі. Чаму не прапанавалі пакінуць адну групу? Лазавік ухіляецца ад адказу.



Мікалай Лазавік: “Я не прысутнічаў ні падчас прыёму дакументаў, ні падчас іх разгляду. Адзінае, я магу ацаніць юрыдычную карэктнасць таго рашэння, якое прыняла камісія, — рашэнне законнае. Больш я нічога тут сказаць не магу”.



Цікава, што калі прадстаўнікоў апазіцыі за “няведанне закону і правапрымяняльнай практыкі” пакаралі напоўніцу, то сяброў выбарчай камісіі з Астраўца, што зарэгістравалі дзве ініцыятыўныя групы Уласевіча, толькі папалохалі — указалі на памылку. Закон, сцвярджае сакратар ЦВК, не прадугледжвае нейкіх адміністрацыйных мер за такое парушэнне.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі