Цётка ўзятай у палон беларускі: “На відэа дакладна Святлана”
Сваячка расказала Еўрарадыё пра сваю апошнюю гутарку з пляменніцай.
“Так, гэта яна, дакладна", ― канстатуе Ірына Маркіяновіч, якая, па словах іншых сваякоў, найбольш камунікавала з пляменніцай Святланай, што трапіла ў палон да сірыйскіх паўстанцаў.
Еўрарадыё: Як яна апынулася ў Сірыі? Там жа сапраўдная грамадзянская вайна.
Цётка: Я шчыра скажу, што не ведаю. Бо пастаянна яна ездзіла ў Ліван, а не ў Сірыю.
Еўрарадыё: На відэа Святлана выстаўлена шпіёнкай. Чым яна займалася за мяжой?
Цётка: Гэта трызненне сівой кабылы. Яна, як усе дзяўчаты, ездзіла ў гатэлях працаваць. На гэты раз яна вылецела дзесьці на пачатку траўня. Мы з ёй размаўляем раз на месяц, па тэлефоне. Размовы былі не надта змястоўныя. Святлана — адзіночка, сама па сабе.
Еўрарадыё: Пра што вы размаўлялі падчас апошняй тэлефоннай размовы?
Цётка: Сказала, што ў яе ўсё нармальна. Спыталася, як у нас справы. “У нас таксама нармальна”.
Фота Святланы Маркіяновіч — з сацыяльных сетак