ДАІ працягвае паляваць за сваім крыўдзіцелем?

Аўтааматара, які перамог інспектараў ДАІ ў судзе, пагражаюць арыштаваць на 15 сутак. Раскадроўка
Еўрарадыё звязалася з Канстанцінам Глушаковым, каб даведацца, чым скончылася гісторыя з засадай, што зладзіла на яго ДАІ, калі той выходзіў з будынку суда пераможцам.

Нагадаем, Канстанцін — той самы аўтааматар, які ў судзе давёў некампетэнтнасць супрацоўнікаў ДАІ пры вымярэнні таніроўкі.

І трэба ж такому здарыцца — за дзесяць хвілін да нашага званка Канстанціна ў чарговы раз паспрабаваў аштрафаваць за перавышаную таніроўку супрацоўнік ДАІ Мінска маёр Чарнабай. Адзін маёр не справіўся і зноў прывёз з сабой эксперта з Беларускага дзяржаўнага інстытута метралогіі.

“Я з удзелам панятых прадаставіў аўтамабіль. Глядзіце што хочаце, замярайце святлопрапусканне, — перадае Канстанцін з месца падзеяў. — Усё дзеянне здымаў на камеру. Прадаставіў аўтамабіль для замеру, для агляду. Адзінае — я не пагадзіўся адчыняць дзверы ў салон. Я лічу, што гэта не ёсць законнае патрабаванне супрацоўніка міліцыі. Яны палічылі, што законнае. І склалі на мяне пратакол — парушэнне часткі 23.4 Адміністратыўнага кодэкса (“Непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы”). Штраф ад 20 да 50 базавых велічынь. Маёр Чарнабай на камеру сказаў, што мне пагражае адміністратыўны арышт да 15 сутак”.

Але ці зможа маёр Чарнабай давесці віну Канстанціна ў гэты раз — вялікае пытанне. Ужо некалькі пратаколаў, складзеных на Канстанціна за быццам бы перавышаную таніроўку, былі адмененыя. Шкло ў “Маздзе” аўтааматара нібыта трошкі цемнаватае. Але вымераць ступень святлопрапускання не можа амаль ніводзін інспектар ДАІ. То шкло не пратруць мыйным сродкам, то дакументы на прыладу вымярэння з сабой не прыхопяць, то кліматычныя ўмовы не ўлічаць. Канстанцін і іншыя ўдзельнікі сайта давялі, што многія інспектары ДАІ папросту незнаёмыя з законам СТБ 1640, згодна з якім вымяраецца святлопрапусканне.

Калі міліцыянеры раз за разам праколваліся з Канстанцінам, то і тысячы штрафаў іншым аўтааматарам маглі быць выпісаны незаконна.

“Пасля інцыдэнтаў са мной многія людзі таксама пачалі звяртацца ў суды, — гаворыць Канстанцін. - Напрыклад, за быццам бы перавышаную таніроўку склалі незаконны пратакол на маю жонку — і мы перамаглі. Справа нават да суда не дайшла. Я напісаў скаргу на імя начальніка ДАІ Маскоўскага раёна, і ён прыняў рашэнне спыніць справу”.

У сталічным ДАІ з сайтам stop-gai.by і відэаролікамі Канстанціна вельмі добра знаёмыя. Начальнік аддзела агітацыі і прапаганды ДАІ Мінгарвыканкама Жана Трайно нават не задаволеная, што сайт не бярэ каментароў у міліцыі. Ды пагаджаецца, што такія праекты стымулююць інспектараў выпраўляць свае памылкі.

“Вядома, шмат ляпаў дапускаюць і нашыя супрацоўнікі, таму што горад вялікі. Калі вінаватыя, выпраўляем свае памылкі, — сцвярджае Жана Трайно. – Прыходзяць да нас звароты і ад грамадзян, мы разбіраемся. Калі дапускаем памылкі, выпраўляемся”.

Начальнік аддзела агітацыі і прапаганды ДАІ ўпэўненая, што апошнія пратаколы, складзеныя на Канстанціна, суд не адменіць. І адчыніць дзверы ў салон аўтааматар быў абавязаны.

Жана Трайно: “Інспектар ДАІ мае права дагледзець увесь аўтамабіль. Раптам кіроўца перавозіць нешта незаконнае...”.

Еўрарадыё працягвае сачыць за сітуацыяй.







Раскадроўка з відэа Канстанціна Глушакова.


Гл. таксама:

ДАІ адыгралася на кіроўцы, якому прайграла суд (відэа)

ДАІ вымярае таніроўку з парушэннем закону?

Пасля звароту Еўрарадыё ДАІ расследуе інцыдэнт з расійскім кіроўцам

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі