Дапамогу па беспрацоўі ў Беларусі хочуць падняць да мінімальнага заробку
Гэта адзін з пунктаў "дарожнай мапы", якую беларускія ўлады падрыхтавалі для МВФ.
Беларускія ўлады рыхтуюцца да чарговых перамоваў з Міжнародным валютным фондам. 17-18 красавіка ў Вашынгтоне пройдзе чарговая сесія Міжнароднага валютнага фонду і Сусветнага банка. Беларуская дэлегацыя прыедзе туды з "дарожнай мапай" па структурным рэфармаванні эканомікі.
Як паведамляе БелаПАН, гэты дакумент прадугледжвае перагляд механізмаў размеркавання фінансавых рэсурсаў у эканоміцы і трансфармацыю сектара дзяржпрадпрыемстваў. Таксама ў ім прапісаная паэтапная адмена рэгулявання коштаў і ўмацаванне сістэмы сацыяльнай абароны насельніцтва.
У прыватнасці, мяркуецца ў 2016-2020 гадах скарачаць крэдыты для фінансавання дзяржаўных праграм. Дзяржаўным прадпрыемствам плануецца скарачаць дзяржпадтрымку. На буйных прадпрыемствах плануецца правесці рэструктурызацыю. А малыя і сярэднія прадпрыемствы, якія працуюць у сферы паслуг мяркуецца прыватызаваць.
Адначасова з гэтым плануецца пачаць адмяняць рэгуляванне коштаў і паступова павышаць тарыфы на жыллёва-камунальныя і транспартныя паслугі.
У сферы сацыяльнай абароны насельніцтва прапануецца павялічыць памер дапамогі па беспрацоўі да ўзроўню мінімальнага заробку.
Фота — grodno24.com