Дэпутат: Каментарыі не пішу ― прачытанае ў інтэрнэце абмяркоўваем ў камісіі

Дэпутат: Каментарыі не пішу ― прачытанае ў інтэрнэце абмяркоўваем ў камісіі

У Палату Прадстаўнікоў паступіў законапраект з праўкамі да дзеючага закона “Аб СМІ”. Сярод іншага, прапануецца забараніць ананімнае каментаванне на сайтах і форумах. Наколькі такі закон адпавядае нашай ІТ-краіне, Еўрарадыё цікавіцца ў старшыні камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Андрэя Навумовіча.

Еўрарадыё: Ці часта вы самі зазіраеце ў інтэрнэт, на якія інтэрнэт-рэсурсы ходзіце?

Андрэй Навумовіч: Пастаянна зазіраю. А чытаю па магчымасці ўсё, што ёсць ― у мяне абранасці нейкай няма, любыя сайты чытаю. Безумоўна, сайт Палаты прадстаўнікоў ― гэта адназначна, сайт парламенцкага сходу саюза “Вече”, дзе я з’яўляюся старшынёй камісіі па інфармацыйнай палітыцы. А ўсё астатняе ― для агульнай аналітыкі чытаю.

Еўрарадыё: Каментарыі пад прачытанымі матэрыяламі пакідалі?

Андрэй Навумовіч: Ну, якія каментарыі… Я вяду свой асабісты сайт, і там падчас выбарчай кампаніі былі каментарыі па нейкіх асобных пытаннях.

Еўрарадыё: Я пра іншае: прачыталі вы на нейкім сайце матэрыял і нешта ў ім выклікае ў вас нязгоду…

Андрэй Навумовіч: Калі нешта спрэчнае ёсць, то абавязкова гэта ў камісіі з дэпутатамі абмяркоўваем.

Еўрарадыё: Пад кожным матэрыялам можна пакінуць свой каментарый, напісаць, што, да прыкладу, тут ёсць факталагічная памылка ці няправільная трактоўка…

Андрэй Навумовіч: Асабіста я не пісаў. Але асобныя фотаздымкі на асобных сайтах часам не адпавядаюць зместу ці часу. Бо фотаздымак да матэрыялу павінен быць больш-менш рэальным. Бо ёсць не зусім добрыя моманты ў гэтым плане. І мяне гэта вельмі насцярожвае: чаму асобныя нашы выданні, дзяржаўныя і недзяржаўныя, часам карыстаюцца старымі фотаздымкамі? І бывае, што не зусім добрымі.

Еўрарадыё: Але ж я пра тое, ці былі выпадкі, калі вы пакідалі свой каментарый пад самім матэрыялам.

Андрэй Навумовіч: Ну, я ў большасці выпадкаў гэта абмяркоўваю.

Еўрарадыё: Але нічога на сайтах ці форумах у каментарыях не пішыце?

Андрэй Навумовіч: Не пішу ― што ёсць, тое ёсць.

Еўрарадыё: Ці маеце старонку ў сацыяльных сетках, бываеце там увогуле?

Андрэй Навумовіч: Не, я толькі на асабістым сайце, вяду асабісты сайт ― далей за гэта не практыкую.

Еўрарадыё: Апошнім часам мы пазіцыянуем сябе як ІТ-краіну…

Андрэй Навумовіч: Мы не толькі пазіцыянуем сябе як ІТ-краіну ― гэта ёсць і ў рэальнай рэчаіснасці. Бо калі б гэтага не было, то мы і б пазіцыі свае не маглі б заяўляць!

Еўрарадыё: У які бок, на ваш погляд, у такой ІТ-краіне павінен развівацца інтэрнэт ― і інтэрнэт-СМІ, і сацыяльныя сеткі?

Андрэй Навумовіч: Ведаеце, мая галоўная задача, як старшыні камісіі, у выпадку з тым законапраектам “Аб СМІ”, пачуць усе пазіцыі. Я не хачу нікому навязваць свой пункт гледжання. Мы разаслалі законапраект усім, хто ў ім зацікаўлены, каб пачуць іх пазіцыю. А сёння выказаць і адразу навязаць свой пункт гледжання ― гэта будзе непрыгожа і некарэктна. Гэта мая пазіцыя, якая тычыцца не толькі праекта закона “Аб СМІ”, але і ўсіх законапраектаў, па якіх ідзе абмеркаванне. Я павінен атрымаць інфармацыю, узважана яе прааналізаваць. І, вось, на сабранай інфармацыі можна будзе рабіць нейкае рэзюме.

Еўрарадыё: У праекце закона гаворыцца пра “добраахвотную рэгістрацыю ў якасці СМІ”, без якой…

Андрэй Навумовіч: Давайце мы з вамі адмовімся ад ацэнкі на сённяшні дзень. Давайце адмовімся ― гэта самы галоўны мой прынцып. Я не прыхільнік даваць ацэнкі на сёння.

Еўрарадыё: Асабіста мяне непакоіць магчымасць дасудовага абмежавання доступу па сайтаў…

Андрэй Навумовіч: Я думаю, што як пачуем на гэты конт пазіцыю, і тады будзем абмяркоўваць.

Еўрарадыё: Такім чынам, да вас могуць прыйсці прадстаўнікі, да прыкладу, БАЖ, нейкіх інтэрнэт-рэсурсаў і свае заўвагі і прапановы выказаць?

Андрэй Навумовіч: Чаму б і не! У нас жа ёсць добрая практыка, калі мы запрашалі ўсе зацікаўленыя бакі для абмеркавання закона “Аб масавых мерапрыемствах”. Потым паступілі прапановы. Я не выключаю і гэты варыянт: калі будзе неабходнасць, то працоўная група запросіць усіх зацікаўленых для абмеркавання.

Еўрарадыё: І калі большасць выкажацца супраць таго, каб забараніць ананімна пакідаць каментарыі на форумах, то гэтая норма з праекта закона можа знікнуць?

Андрэй Навумовіч: Калі будуць паступаць прапановы, то гэта бачанне будзе абмяркоўвацца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі