Дэпутат Марзалюк: Ведаеце, якая цяпер самая запатрабаваная вакансія? Вартаўнік!
Праўкі ў “антыдармаедскі” Дэкрэт №3 падрыхтаваныя і ўжо перададзеныя кіраўніку краіны. Хто іх рыхтаваў, што зменіцца ў дэкрэце, ці здольная дзяржава даць працу ўсім беспрацоўным, чым Лукашэнка падобны да Напалеона і Пілсудскага і чаму справа “Белага легіёну” — пацвержанне “беларускасці” айчынных спецслужб, тлумачыць дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк.
Цалкам размову з Ігарам Марзалюком можна паслухаць тут:
Еўрарадыё: Кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі Наталля Качанава заявіла, што прапановы па зменах у Дэкрэт №3 ужо накіраваныя на разгляд кіраўніку краіны. Чаго чакаць ад зменаў?
Ігар Марзалюк: Мы планавалі, што гэта будзе зроблена да 25 сакавіка, але графік кіраўніка краіны і іншых такі, што толькі вось цяпер гэта было зроблена. Там шмат істотных дапаўненняў, якія ўлічваюць пазіцыю і дэпутатаў, і выканаўчай улады і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, і канкрэтную практыку, не толькі пазітыўную, прымянення гэтага дэкрэта. Змены будуць, і вялікая колькасць тых, хто трапіў па чыста фармальных прыкметах, не будуць плаціць — гэта факт. Тыя, хто быў пакрыўджаны не па справе, атрымаюць поўную сатысфакцыю. А тым, хто заплаціў гэты збор, ён будзе вернуты, калі яны трапляюць пад новыя нормы. А гэта вайскоўцы — тыя, хто служыў ва Узброеных сілах, жанчыны, якія выхоўваюць дзяцей і трапляюць пад катэгорыю хатніх гаспадынь, людзі, якія працуюць на зямлі, і гэта не толькі тыя, хто працуе на прысядзібных палетках, але і калі нешта звязанае з будаўніцтвам дома і гэтак далей. Карацей, усё гэта будзе ісці ў залік. Увогуле, дэпутаты прапанавалі вялікую колькасць правак, і ўсе яны былі ўлічаныя.
Еўрарадыё: І калі чакаць унясення зменаў у сам дэкрэт?
Ігар Марзалюк: З дня на дзень! Думаю, што ўсе гэта ўжо хутка пабачаць, пачуюць. Нездарма вам шаноўная Наталля Іванаўна Качанава такі анонс зрабіла. Усё прапрацоўвалася дэталёва, было некалькі мазгавых штурмаў.
Еўрарадыё: А што наконт грамадскага абмеркавання — яго не будзе?
Ігар Марзалюк: Усе, каму было гэта цікава, дасылалі свае прапановы, да мяне проста людзі прыходзілі. І ўсё было абагульнена і ўлічана.
Еўрарадыё: Але антыдармаедскі дэкрэт застаецца?
Ігар Марзалюк: Магчыма, зараз нехта пачне абурацца, але дэкрэт высвеціў рэальную праблему. Разумееце, калі чалавек кажа, што ён будзе працаваць за 250-300 рублёў, але пры гэтым хораша выглядае, то што — маці корміць ці манна нябесная падае? Быў зараз у сваёй акрузе, і ведаеце, якая ў нас самая папулярная вакансія? На першым месцы вартаўнік, на другім — вахцёр. Такое жаданне працаваць суткі праз трое сведчыць, што частка нашага няўрымслівага народа жыве па старой народнай мудрасці: “Хто ў пана не ўкрадзе — той не гаспадар”. Шмат і маіх дарагіх землякоў жыве па “шэрых схемах”. Тут жа так: калі ты стала працуеш у іншай краіне, але пры гэтым не легалізуеш свае прыбыткі, то зрабі сумленна — выпішыся, вазьмі від на жыхарства. Легалізуйся нейкім чынам і тады плаціць не будзеш.
Я думаю, што мы прыйдзем да сацыяльнага страхавання. Калі плаціш, маеш карту і атрымліваеш усё на свеце! А то ў нас склалася такое постсавецкае ўяўленне, што ўсё задарма і на дурніцу. І крычаць, што няма сацыяльнай забяспечанасці. А вы паглядзіце, колькі каштуе койкамесца ў любой медычнай установе. Ці прыгадайце, колькі мусіў плаціць за лячэнне ў ЗША Франак Вячорка!
Еўрарадыё: Добра, дзяржава хоча, каб усе працавалі і плацілі падаткі, але ці для ўсіх ёсць праца?
Ігар Марзалюк: Гледзячы якая праца. Ёсць жа людзі, якія адмаўляюцца ад працы, бо яна не адпавядае іх кваліфікацыі. Я лічу так: калі ты страціў працу, то як законапаслухмяны грамадзянін павінен стаць на ўлік на біржы працы. Мяне заўжды абурае, калі мужчына заяўляе, што яму цяжар адукацыі не дазваляе елкі садзіць ці яшчэ нешта рабіць.
Уявіце сабе анекдатычны прыклад: да мяне звярнуліся з просьбай дапамагчы працаўладкаваць хлопца, у якога трое дзяцей. Я дамовіўся з найлепшым прадпрыемствам у Магілёве, дзе плацяць самы вялікі заробак. Сам яму набіраю, а ён у адказ просіць уладкаваць на іншае прадпрыемства, дзе заробкі ў два разы меншыя. І ўсё таму, што да гэтага прадпрыемства яму… усяго два прыпынкі ехаць, а да таго, што з большым заробкам, ехаць далёка! Гэта як?! Але ў любым выпадку ўсіх пастаяннай і стабільнай працай не задаволіш, хоць мы і павінныя імкнуцца гэта зрабіць. Таму калі сёння па тваім каўнерыку няма працы, то трэба з удзячнасцю браць любую.
Давайце казаць як ёсць: бюджэтных месцаў на ўсіх не хопіць. Але сёння мы ўхвалілі Дэкрэт №2, дзе здымаюцца дадатковыя абмежаванні для бізнесу. Дэкрэт скіраваны на яшчэ большае распрыгоньванне прыватнай ініцыятывы. Самае важнае, каб у нас была нармальная самазанятасць. Паволі, але мы мяняем структуру эканомікі. І тут мне хацелася б пачуць прапановы самай “крэатыўнай” партыі, якую ўзначальвае спадар Лябедзька, — яны ж там пра 1 мільён працоўных месцаў казалі. То хай унясуць прапановы! Але чамусьці іх дэпутат сядзеў і нічога не сказаў, калі абмяркоўвалі дэкрэт з папраўкамі. Спадарыні Канапацкай трэба менш гуляцца з тэлефонам падчас пасяджэння і чытаць там нейкія артыкулы, калі абмяркоўваюцца такія важныя рашэнні, датычныя бізнесу. Мяне абурае, калі людзі, якія шмат кажуць, як тут дрэнна і блага, не задаюць ніводнага пытання ніводнаму міністру, ніводнаму дакладчыку, а проста гуляюць у тэлефон. А калі выходзяць за перыметр Авальнай залы, пачынаюць рабіць гучныя заявы.
Еўрарадыё: Мы казалі пра працоўныя месцы…
Ігар Марзалюк: Праблема з занятасцю высокакваліфікаванай ёсць ва ўсіх краінах. А вось мае знаёмыя бізнесмены задаволеныя тым, што з’явілася канкурэнцыя на рынку працоўнай сілы і яны могуць адабраць найлепшых. Скажу яшчэ адну непапулярную рэч: усе аднолькава нармальна жыць не будуць. Хоць мы і імкнёмся да гэтага. Сёння вельмі няпростая сітуацыя, але ж мы ўсе жывём у адной краіне… Толькі я б хацеў, каб людзі, у якіх не адзін дом і не адна кватэра, якім вельмі цяжка тут працаваць, бо яны не могуць кожныя выходныя лётаць у Германію да сваіх дзяцей, а падчас выбараў казалі пра школьныя паборы, а потым высвятляецца, што іх дзеці вучацца ў Германіі…
Еўрарадыё: Нехта моцна не любіць адну сваю калегу-дэпутата.
Ігар Марзалюк: Я не люблю людзей, якія хлусяць. Калі вы выступаеце перад выбаршчыкамі і кляйміце няшчасныя дырэктараў школ, што яны паборамі займаюцца і расказваеце, што “і я панясу”, а потым аказваецца, што вашы дзеці ў Германіі! Я не тое што некага не люблю, але смешна, калі левыя пратэстныя настроі спрабуюць асядлаць людзі з ліберальнымі настроямі, якім далі ўладу. Дзяржава імкнецца наладжваць масты і з Расіяй, і з Еўрасаюзам, і ўсё паціху будзе нармальна. Я вам раю Стары Запавет перачытаць. Маісею давялося 40 гадоў па пустэчы свой народ вадзіць. Мы істотную частку сваёй пустэчы прайшлі. Мы на самай справе вельмі паспяховы нацыянальны праект.
Еўрарадыё: Вы параўноўваеце кіраўніка Беларусі з Маісеем?!
Ігар Марзалюк: Я ўпэўнены, што Аляксандр Лукашэнка — гэта знакавая фігура для гісторыі нашай дзяржаўнасці, пра якую напішуць яшчэ не адну манаграфію. Які будзе аб’ектам даследавання і пасля таго, як закончыцца гэтая эпоха. Дзякуючы высілкам гэтага чалавека і яго шалёнай інтуіцыі, якога можна любіць ці не любіць, але ён стварыў рэальна беларускую дзяржаву. Беларусь пачала кантраляваць сваю тэрыторыю, беларускія спецслужбы сталі беларускімі спецслужбамі, якія служаць Беларусі, створаная інфраструктура дзяржавы. Ні па адной пазіцыі беларусы не здалі свой суверэнітэт. Беларуская палітыка, знешнепалітычная і ўнутрыпалітычная, вызначаецца ў Мінску, а не ў Бруселі і не ў Маскве. Дзякуючы таму, што такі чалавек узначальвае краіну. Для нас Лукашэнка — гэта тое самае, што Напалеон Банапарт і Дэ Голь для Францыі і што для палякаў Юзаф Пілсудскі. Так, гэта былі людзі з моцным аўтакратычным струменем, але…
Еўрарадыё: Удакладню пра спецслужбы і іх беларускасць…
Ігар Марзалюк: Яны — дзяржаўніцкія. Яны цяпер працуюць на дзяржаву. Я не хацеў бы расшыфроўваць некаторыя нюансы, але цяпер у нас сапраўды выбудаваная сістэма нацыянальнай бяспекі.
Еўрарадыё: Справа “Белага легіёна” калі пад следства трапілі толькі нацыянальна свядомыя людзі, крыху насцярожвае…
Ігар Марзалюк: Давайце не будзем чапаць “Белы лёгіён” — там таксама ёсць нюансы, паверце. Увогуле, гэта ўльтраправая арганізацыя…
Еўрарадыё: …якая не існуе ўжо больш за 12 гадоў!
Ігар Марзалюк: Ну, па-рознаму… А хлопчыкі, якія ездзілі ва Украіну пастраляць, — яны існуюць?
Еўрарадыё: А тыя, хто ваяваў за “ДНР/ЛНР”?
Ігар Марзалюк: А мы садзім і тых, і тых! І так было, ёсць і будзе. Узяў у рукі зброю, прывалок у Беларусі — сядзеш. Бо нам тыя, хто навучыўся вырашаць спрэчкі пры дапамозе аўтамата Калашнікава, на вуліцах не патрэбныя. Хай ідуць на дыетхарчаванне. Незалежна ад таго, пад якім сцягам ваявалі.
Фота Змітра Лукашука