Дэвальвацыя адбудзецца летам?

Міжнародны валютны фонд і беларускія ўлады не завяршылі дыскусію, якую распачалі падчас працы місіі МВФ у Беларусі з 29 красавіка па 12 траўня. Пра гэта ў інтэрв’ю Еўрарадыё заявіла пастаянны прадстаўнік Міжнароднага валютнага фонду ў Беларусі Наталля Калядзіна. Аднак, нягледзячы на незавершанасць справы, дыскусія атрымалася станоўчай і канструктыўнай.

Уся праграма МВФ разлічаная на 15 месяцаў і разбітая на траншы. Місія павінна завяршыць свой агляд да таго, як будзе выдзелены наступны транш. Гэта быў толькі першы агляд праграмы. У ім місія ацэньвае выкананне кантрольных паказчыкаў, якія для Беларусі былі ўстаноўленыя на канец сакавіка. Паводле слоў Наталлі Калядзінай, толькі адзін з іх быў не выкананы.

Наталля Калядзіна: “Усе кантрольныя паказчыкі акрамя аднаго былі выкананыя. Нашыя дыскусіі былі вельмі станоўчыя і канструктыўныя. Яны не былі цалкам завершаныя і яшчэ працягваюцца”.

На жаль, назваць нявыкананы паказчык спадарыня Калядзіна адмовілася. Як адмовілася назваць і канкрэтныя прапановы, выказаныя прадстаўнікамі місіі МВФ. Аднак яна запэўніла Еўрарадыё, што любая частка праграмы можа паўплываць на простых беларусаў.

Наталля Калядзіна: “Я мяркую, што любая частка нашай праграмы можа паўплываць на любога беларуса. Таму што мы займаемся грашова-крэдытнай палітыкай, бюджэтнай палітыкай і плацёжным балансам. Грашова-крэдытная палітыка, безумоўна, вызначае інфляцыю ў краіне. Так, як і бюджэтная палітыка ў пэўнай ступені. І плацёжны баланс — гэта сувязь Беларусі са знешнім светам, што аказвае ўплыў на эканоміку ў цэлым, і ўрэшце рэшт на простых людзей”.

Нагадаем, першы транш крэдыта МВФ у памеры 788 мільёнаў долараў Беларусь атрымала 14 студзеня. Наступны транш мусіць быць у памеры каля 400 мільёнаў долараў.

Як перадала агенцтва АФН са спасылкай на кіраўніка місіі Крыса Джарвіса, адно з патрабаванняў, якое выставіла перад Беларуссю МВФ, — 5-10% дэвальвацыя беларускага рубля ў кароткатэрміновы перыяд. Наталля Калядзіна ў размове з Еўрарадыё не пацвердзіла гэтую інфармацыю.

Наталля Калядзіна: “Я не чула пра такія заявы. І я, безумоўна, не магу пацвердзіць гэтую інфармацыю”.

Таксама чуткамі і працоўнымі момантамі назваў магчымую дэвальвацыю прэс-сакратар Нацбанка Беларусі Анатоль Драздоў:

“Гэта працоўныя моманты, якія абмяркоўваюцца. А тое, што хтосьці нейкія плёткі, нейкія там дэвальвацыі... Ну, гэта на сумленні гэтых людзей пакінем”.

Аднак эканаміст Леанід Заіка мяркуе, што дэвальвацыі ўсё ж можна чакаць. Асабліва летам, калі беларусы з’едуць на дачы і ў адпачынкі.

Леанід Заіка: “Ведаеце, у іх не вельмі вялікі выбар дзеянняў. Раз зрабілі першую дэвальвацыю... Ну, другую можна зрабіць проста плаўна. Спачатку зрабіць 2900, потым потым 3000, потым 3100... І так вось асабліва ў час адпачынку. Усе з’едуць — і можна рабіць плаўную дэвальвацыю. А потым прыедуць, скажуць: “О... Добра, што мы рублі памянялі на долары: бачыш, як мы выйгралі”.

Але гэта толькі ў выпадку, калі беларусы сапраўды памяняюць свае ўклады. Аднак спадар Заіка лічыць, што ў найбольшым выйгрышы ў такой сітуацыі акажуцца тры катэгорыі: супрацоўнікі замежных кампаніяў, якія атрымліваюць заробкі ў валюце, чыноўнікі, якія ў той самай валюце атрымліваюць хабар, і валютныя прастытуткі.



Фота bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі