Для Еўрафорума засталіся дзве залы — КЗ “Мінск” і Палац Рэспублікі

У астатніх месцах, куды арганізатары мерапрыемства накіроўвалі запыты, ім адмовілі. Пра гэта Еўрарадыё распавёў адзін з арганізатараў Форуму Алесь Лагвінец. Алесь Лагвінец: “Накіроўвалі запыты ў чатыры месцы — кінатэатр "Кастрычнік", канцэртная зала “Мінск”, Палац Рэспублікі і Палац спорту. Пакуль што няма адказу з канцэртнай залы “Мінск”, а ў Палацы Рэспублікі нас перанакіравалі да іншай асобы”.

Дакладны склад гасцей форуму па-ранейшаму невядомы. Запрашэнні на мерапрыемства атрымалі дэпутаты Еўрапейскага парламенту, прадстаўнікі нацыянальных парламентаў, якія займаюцца беларускай праблематыкай, а таксама вядомыя грамадскія дзеячы — Вацлаў Гавал, Лех Валенса і Аляксандр Квасьнеўскі.

Некаторыя з запрошаных загадзя пацвердзілі свой удзел, распавядае Алесь Лагвінец:

“Мы атрымалі ўжо шэраг станоўчых адказаў — ад еўрапарламентароў, а таксама прадстаўнікоў нацыянальных парламентаў Нямеччыны, Польшчы, Галандыі і Швецыі".

А вось старшыня еўрапарламенту Ежы Бузэк, які папярэдне выказваў жаданне наведаць Еўрапейскі форум, да гэтага часу свой удзел не пацвердзіў, адзначыў Лагвінец.

Нагадаем, што Беларускі еўрапейскі форум прызначаны на 14 лістапада. Форум закліканы "мабілізаваць прыхільнікаў і аб'яднаць патэнцыял беларускіх праеўрапейскіх сіл, а таксама падтрымаць паўнавартасны ўдзел Беларусі ў праграмах еўрапейскага супрацоўніцтва і інтэграцыі".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі