Доказаў тэракту ў авіякатастрофе пад Вільняй няма — LRT
Авіякатастрофа пад Вільняй
Доказаў тэракту ў катастрофе грузавога самалёта кампаніі DHL пад Вільняй няма. Пра гэта са спасылкай на афіцыйныя заявы паведамляе LRT.
Як расказвала Еўрарадыё, трагедыя здарылася зранку 25 лістапада. Самалёт разбіўся каля аэрадрома Вільні, абломкі зваліліся на жылы чатырохкватэрны дом.
Пасля таго як самалёт завяршыў дугу вакол Вільні, цэнтр кіравання палётамі даў каманду экіпажу звязацца з Віленскай вежай, але пілот прапусціў адну лічбу пры паўтарэнні частаты. Эксперты мяркуюць, што гэтае нязначнае непаразуменне ўнесла хаос і напружанне ў працу пілотаў. Таксама эксперты, якія назіралі за зніжэннем самалёта, не выключаюць праблем сістэмы пры вызначэнні траекторыі, па якой самалёт зніжае вышыню. На вышыні некалькіх соцень метраў лайнер ляцеў з хуткасцю 277 кіламетраў за гадзіну — гэта больш за звычайную.
Эксперты мяркуюць, што ў самалёце нешта нечакана адбылося. "Тое, што адбылося на апошнім этапе палёту і стала прычынай аварыі, было нечаканым для экіпажа, інакш яны б паведамілі пра гэта", — каментуе авіяэксперт Відас Каўпяліс.
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што імавернасць дыверсіі існуе і гэтая версія будзе расследавацца. Але следчыя звяртаюць увагу, што ў самалёце не было выбуху перад падзеннем на зямлю. "Пакуль у нас няма доказаў незаконнага ўмяшання ў авіяцыйную дзейнасць або пажару ўнутры самалёта", — тлумачыць кіраўнік аддзела расследавання авіяцыйных здарэнняў і інцыдэнтаў Лаўрынас Наўякайціс.
Як варыянт разглядаецца стомленасць пілотаў (яны ляцелі ўначы) і тэхнічныя непаладкі.
Пракурор Генпракуратуры Літвы Артурас Урбяліс звярнуўся да палітыкаў з просьбай устрымацца ад выказвання здагадак: "У публічным асяроддзі ўжо былі заявы палітыкаў, я б, напэўна, пазбягаў такіх разваг аб магчымым тэракце ці нейкіх іншых дзеяннях".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.