Дубскі: У нас усю камеру выводзілі ў пакойчык для дагляду і там збівалі

У чацвер на волю выйшаў актывіст маладзёжнага руху, фігурант "справы чатырнаццаці" Арцём Дубскі. У бабруйскім следчым ізалятары ён правёў два месяцы, а цяпер будзе знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе.
Суд над ім павінен адбыцца не пазней за 15 траўня. У інтэрв’ю Еўрарадыё Арцём Дубскі распавёў пра ўмовы ўтрымання ў ізалятары. Паводле яго слоў, у зняволенні яму дазвалялі атрымліваць перадачы, а таксаму вялікую колькасць лістоў і газеты.

Арцём Дубскі:
“Усё тое, што прыносіла мая маці ў асноўным дазвалялі, яна ведала, што прыносіць з маіх лістоў. Вельмі шмат карэспандэнцыі было, лісты, паштоўкі. Вельмі шмат было новых людзей, якія пісалі і старыя сябры. Прыходзіў цэлы ворах газет, “Наша Ніва”, “Народная Воля”, “Белгазета”, “Беларусы і рынак”, “Камсамолка”, і нават на “Советскую Белоруссию” мяне падпісалі, каб я мог параўноўваць. Быў тэлевізар у камеры, таму інфармацыі хапала, але на волі канешне лепш”.

Сукамернікі ўжо ведалі, што Арцём палітычны вязень і таму добра да яго ставіліся.

Арцём Дубскі: “Там ужо ведалі, што такі ёсць палітычны, што нават на платах вакол ізалятара было напісана “Свабода Дубскаму”. Яны не лезлі не ражон і я быў у добрых адносінах з імі”.

А вось з супрацоўнікамі турмы было цяжэй, бо нават збівалі часам.

Арцём Дубскі: “Былі некалькі інцыдэнтаў, збіццё і адносіны такія не вельмі, але пасля таго, як мы перадалі гэта ў сродкі масавай інфармацыі, сталі больш нармальна адносіцца да нас. У нас усю камера, на той момант было 15 чалавек, выводзілі ў пакойчык для дагляду і там збівалі. Там палова невінаватых сядзіць, людзі розныя і прадпрымальнікі, і забойцы, і наркаманы, і проста людзі, якія апынуліся не ў той час не ў тым месцы. Я б з 21 выпусціў бы чалавек 16. Ім трэба даць вялізны-вялізны штраф, і максімум хімію, але ніякай зоны. Таму што раздуваюць штат пасадкі, каб потым не жулікаў адпускаць пад амністыю, а лёгкіх”.

Нагадаем, летась Дубскі быў асуджаны да двух гадоў абмежавання волі за ўдзел у акцыі прадпрымальнікаў у Мінску. У кастрычніку ён папрасіў палітычнага прытулку ва Украіне — пасля таго як была распачатая крымінальная справа за ўхіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі. Пасля вяртання ў Беларусь хлопца затрымалі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі