“Дзень радыё”: Песня пра Еўрарадыё, флэш-моб ад публікі і 5 прэм’ер

“Паглядзі, наколькі цёпла публіка рэагуе на гурты, нягледзячы на тое, хто першы выступае, хто потым! І я назіраю гэта ўжо які канцэрт, беларускі, беларускамоўны, я б нават падкрэсліў, на які збіраецца шмат народу. Мне падаецца, гэта сапраўдны трэнд. Гэта запатрабавана. І самае класнае, што гэта знаходзіць водгук у людзей. Ну паглядзі, колькі людзей — яны крычаць гучней, чым чуваць вакал з калонак!”, — дзеліцца ўражаннямі Раман Жыгараў з Akute, рыхтуючыся да свайго выступу.

Фэст “Дзень радыё” сёлета аб’ядноўвае адных з самых галоўных музычных live-сілаў Беларусі — Akute, Nizkiz, Sciana, :B:N: і для балансу прапануе порцыю панк-року ад мінчан “Тлушч”.

Як было анансавана, усе 5 гуртоў прэзентуюць на “Дні радыё” новыя трэкі. “Тлушч” — "Support your local (even shit)", пра тое, што трэба падтрымліваць сваё, нават не самае ідэальнае. А яшчэ музыкі віншуюць Еўрарадыё адмысловай песняй, перарабілі свой трэк “Карпарэт” пад падзею. Дзякуем, нам прыемна!

“Я не аўтамабіліст, і радыё слухаю мэтанакіравана, калі ведаю, што ў пэўны час там будзе нешта цікавае. Я лічу, што цяпер радыё не так уплывае на слухача, як яшчэ гадоў 10 таму, — перакананы басіст “Тлуша” Андрэй Свірыд. — Усё ж, будучае за лічбавымі носьбітамі, і тое, што радыё перапаўзае паціху ў он-лайн — гэта даніна часу”.

Выступ Sciana як заўжды скарае энергетыкай. Музыкі ладзяць канцэртную прэзентацыю свежай песні “Паверыць сабе”.

“Радыё для нас — гэта, найперш, фестывалі: у лютым “Даём рады” быў вельмі файны, і сёння быў вельмі файны, — расказвае бас-гітарыст “Сцяны” Андрэй Клімус. — Я, дарэчы, пытаў са сцэны: “Хто быў у лютым?” Толькі палова была! Таму сёння такі прагрэс — новыя людзі, новыя твары, новыя эмоцыі. І рок-н-ролу, мне здаецца, хапіла ўсім”.

Nizkiz на сцэне “Дня радыё” знаёміць публіку з новым гітарыстам Леанідам Несцеруком. Ён замяніў Дзіму Садавога, які  падаўся ў сольную творчасць, і з новымі песнямі — беларускамоўнай “Цяпер і далей” і песняй “Поворачивай”.

“Я ўвогуле люблю такія мерапрыемствы, калі збіраюцца разам якасныя гурты і адэкватная публіка, бо ў нас быў досвед выступаць у такіх салянках, калі мала хто можа нас адэкватна ўспрыняць — даводзілася браць нечым іншым, — кажа фронтмэн Nizkiz Саша Ільін. Сёння мы бачым тут гурты найвышэйшага ўзроўню (сябе не ўлічваем, натуральна), па беларускіх мерках — дакладна. І прыемна прыбіцца да такой хвалі, атрымаць асалоду ад публікі, якая падпявае з першых песень і вельмі добра ўспрымае нашу новую песню "Поворачивай", якую мы да апошняга “страмаліся” граць”.

На сцэне ужо бярозаўская славутасць, гурт :B:N:. І мы зноў канстатуем, што людзі, якія прыйшлі на канцэрт, любяць беларускую музыку, таму кожны гурт для іх — любімы. Гэта пацвярджаюць і сяброўкі-наведвальніцы свята радыё:

“Нам у вас вельмі спадабалася! Вельмі запальвае! :B:N: — малайцы! Akute — малайцы! Nizkiz — малайцы! Усе астатнія — малайцы! Увогуле, калі выступаюць нашы беларусы — гэта вельмі здорава, цёпла і класна!”

:B:N:, якія апошнім часам не вельмі любяць дзяліцца сваімі планамі, прэзентуюць на “Дні радыё” новую песню “Попел”. І, натуральна, завальваюць публіку сваімі неўміручымі хітамі. У адказ людзі на танцпляцы праводзяць флэш-моб. Пад песню “Загінулым паэтам прысвячаецца” танцпол арганізавана сядае і моўчкі слухае.

Akute ўпершыню на публіцы выконваюць трэк “Кулі” з новага альбома “Рэальнасць і сны”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі