Дзевятоўскі: Ездзіць мне па вушах і вырашаць несумленныя справы не выйдзе

У 2000-я беларускі парламентарый Вадзім Дзевятоўскі быў прызёрам Алімпіяды і чэмпіянату свету ў лёгкай атлетыцы. Днямі хакейны клуб “Дынама” высунуў яго кандыдатам на пасаду прэзідэнта… хакейнай федэрацыі.

Еўрарадыё: Многіх гэта здзівіла. Ці сапраўды вы ўяўляеце, як вывесці хакей на новы ўзровень?

Вадзім Дзевятоўскі: Размова пра нейкія рэцэпты пакуль не зусім карэктная, не зусім правільная. Бо мы можам толькі абмяркоўваць магчымасць майго прызначэння на пасаду. Невядома, ці падтрымае выбарчая канферэнцыя гэтую ініцыятыву хакейнага клуба “Дынама”. Прызнаюся, што сапраўды не чакаў такой прапановы. Але раз да мяне звярнуліся, значыць, гэта 50 разоў узважылі, абмеркавалі, значыць, ува мне бачаць патрэбнага чалавека. Іначай навошта такія прапановы рабіць? Я сур’ёзна над гэтым разважаў. І прыйшоў да высновы, што сілы прынесці карысць беларускаму хакею ў мяне ёсць.

Еўрарадыё: У якасці дэпутата Палаты прадстаўнікоў вы ўзяліся за антынаркатычныя законапраекты, якімі доўгія гады заканадаўцы не займаліся, а праблема замоўчвалася. А гутарка вядзецца пра лёсы соцень тысяч беларусаў. Працэс з вашай падачы запусціўся, і раптам вы даяце згоду стаць кандыдатам на пасаду рулявога беларускага хакею. Чаму вы пагадзіліся? Ці хопіць у вас часу на важныя для грамадства рэчы?

Вадзім Дзевятоўскі: Калі я даваў дабро, то ўзважваў свае здольнасці і разумеў сур’ёзнасць працы кіраўніком ФХРБ. Паспрабую вам растлумачыць маё рашэнне.

Кіраўнік наркакантролю і дэпутат Дзевятоўскі расказалі пра барацьбу за ўнікальны антынаркатычны закон 

Падчас чэмпіянату свету па хакеі я асабіста атрымліваў неверагодныя эмоцыі і бачыў тысячы і дзясяткі тысяч такіх жа людзей, якія былі натхнёныя. А для чаго мы жывём? Каб шчыра працаваць і багацець духоўна. Спорт дае ўнікальныя эмоцыі, якія у многім фармуюць настрой людзей. Чым лепшай будзе гульня, тым больш яркімі будуць гэтыя эмоцыі. Пасля выйгрышаў здольнасці павялічваюцца, і часам хочацца лётаць. Несхаваныя пачуцці патрыятызму — яны вельмі дарагія для мяне. А спорт можа аб’яднаць нацыю, тым больш любімы народам хакей.

Што да антынаркатычных ініцыятываў, якія я падтрымліваю, то ўзнікаюць пэўныя складанасці з іх прасоўваннем. Але разам з прадстаўнікамі Упраўлення па наркакантролі МУС мы не будзем спыняцца і абыякава глядзець на сітуацыю, справа будзе даведзеная да канца.

Расследаванне: як у Беларусі прадаюць спайс і псіхатропныя парашкі (відэа)

“З нашага хакею можна зрабіць цукерку. Работа цяжкая. Упэўнены, што будзе супрацьстаянне, але што рабіць?”

Еўрарадыё: Ці ёсць у вас нейкія рэцэпты, як здзейсніць пераўтварэнні ў хакеі?

Вадзім Дзевятоўскі: Натуральна, хакей і лёгкая атлетыка адрозніваюцца. Разам з тым, розныя віды спорту ў многім пераклікаюцца. Хуткасць, моц, тэхніка — гэта складнікі, важныя і для хакеіста, і для малатабойца. Пра гэтыя складнікі поспеху я сапраўды магу разважаць. Я разумею, за кошт чаго дасягаецца вынік, арыентуюся ў тым, якія трэба рабіць нагрузкі, якія павінныя быць аб’ёмы. Паглядзіце, якая тэхніка ў шведскіх і амерыканскіх хакеістаў! Трэба паглыбіцца ў асаблівасці нашай школы і зразумець, у чым нашы хакеісты растуць, калі з’язджаюць за акіян. Варта было б ладзіць майстар-класы, матываваць і прыцягваць для гэтага наймацнейшых хакеістаў, якія ведаюць гэтую розніцу. Можна зрабіць статут на 150 старонак, і ўсе будуць галасаваць “за”. Але трэба зразумець, чаму мы атрымліваем паразы ад топавых зборных і што трэба зрабіць, каб наблізіцца да іх узроўню. І не трэба баяцца кардынальных пераглядаў нейкіх састарэлых поглядаў. Вось гэтыя пытанні я падымаў бы.

Будзе адносна лёгка збоку зрабіць высновы па многіх пытаннях. А вынік — гэта самае галоўнае, ён пакажа эфектыўнасць працы.

Еўрарадыё: Вас задавальняе баяздольнасць нашай зборнай апошняга склікання?

Вадзім Дзевятоўскі: У прынцыпе, нашая каманда добрага ўзроўню. Адрэзкамі яна паказвае моцную гульню. Хацелася б, каб гульня была больш стабільнай. Што для гэтага варта зрабіць? Неабходна размаўляць з гульцамі, трэнерамі, у тым ліку дзіцячымі, спартыўнымі функцыянерамі і, што вельмі важна, заўзятарамі. Я магу толькі гарантаваць шчырую, самаадданую працу, не баючыся прымаць рашэнні. Гэта важна.

Асаблівую ўвагу трэба надаць падрыхтоўцы рэзерву. Павінныя прыйсці зорачкі, якія згуляюць не горш, а будзем жадаць, каб лепш за сённяшніх зборнікаў. Што для гэтага трэба? Трэба сядаць, абмяркоўваць і прымаць кампрамісныя рашэнні, не губляючы пры гэтым каштоўны час.

Еўрарадыё: Некаторыя каментатары з інтэрнэту выказваюцца пра тое, што на пасаду ў Федэрацыю хакею наўмысна хочуць пасадзіць чалавека нехакейнага. Каб весці за спінай сваю гульню…

Вадзім Дзевятоўскі: Калі нехта з інтэрнэт-каментатараў думае, што мне лёгка на вушы вешаць локшыну, яны памыляюцца. У першую чаргу я буду цікавіцца ўмовамі падрыхтоўкі. Але ў трэніровачны працэс таксама буду ўнікаць, падымаць пытанні, не перашкаджаючы спецыялістам. А калі мне будуць казаць, што не трэба, а ўсё ж такі досвед будзе падказваць, што трэба, напэўна, варта будзе шукаць належнага спецыяліста, які адпавядае часу. Магчыма, ён будзе дарагі, але, урэшце, гэта будзе больш прадуктыўна.

Чуў меркаванне, што мяне прапанавалі на пасаду кіраўніка ФХРБ у якасці вясельнага генерала, каб ездзіць па вушах і вырашаць свае несумленныя справы. Гэта лухта. Хто мяне ведае, той разумее, што гэта немажліва.

Еўрарадыё: Вы гатовы да таго, што ў выніку няўдач негатыў абрынецца менавіта на вас?

Вадзім Дзевятоўскі: Я за крытыку. На здароўе. Мяне крытыка падганяе. Калі яна да месца, за яе толькі дзякуй можна сказаць. Калі здараюцца няўдачы, я гатовы разглядаць крытыку і прымаць альтэрнатыўныя рашэнні. Галоўнае, каб справа не стаяла на месцы і не было бязглуздай упартасці.

З такой увагай да хакею, як у Беларусі, можна зрабіць цукерку. Я буду старацца разабрацца, ці мелі месца пралікі. Работа цяжкая. Упэўнены, што будзе супрацьстаянне, але што рабіць? Я чалавек катэгарычны ў некаторых сваіх настроях. Магчыма, мне і прапанавалі стаць кандыдатам на пасаду кіраўніка ФХРБ, бо я нейтральная асоба, не ўцягнутая ў нейкія міжусобіцы. Але ці займу я гэтую пасаду — пытанне. Яшчэ месяц наперадзе, і ўсё можа змяніцца.

“Займацца пытаннямі менеджменту ў лёгкай атлетыцы было не да месца. Захоўваўся шанец, што я вярнуся ў якасці прафесійнага спартсмена”

Еўрарадыё: Пасля Алімпіяды-2012 стала зразумела, што ў беларускай лёгкай атлетыцы здарыўся правал. На апошнім чэмпіянаце свету не было ніводнага медаля. У мінулым годзе Еўрарадыё рыхтавала сюжэт пра стан сектараў для кідання молата і дыска, дзе каваліся нашы залатыя ўзнагароды. Бетоннае пакрыццё было месцамі няроўным, абарончая сетка парваная. Вас як лёгкаатлета не абурае становішча, калі ў параўнанні з хакеем на ваш родны спорт не звяртаюць належнай увагі?

У якіх умовах трэніруюцца лёгкаатлеты, ад якіх мы патрабуем медалёў

Вадзім Дзевятоўскі: Сетку на сектары я магу разарваць літаральна за адну трэніроўку. Успамінаю чэмпіянат свету ў Осацы 2007 года. Адным толькі кідком разарвалі сетку, і на паўгадзіны спаборніцтвы спыніліся, бо кідаць было небяспечна. А на трэніроўках разрываецца ўсё. На гэтыя дзюркі не звяртаеш увагі. Таксама ад удараў молата руйнуецца бетон. Так заўсёды было, і нам гэта не перашкаджала выходзіць на топ-узровень. Сетка, бетон — гэта ўсё дэталі, але праз іх у чытачоў фармуецца думка, што ў кідальных дысцыплінах усё цяпер дрэнна. Аднак давайце ацэнім сітуацыю аб’ектыўна.

Еўрарадыё: Давайце.

Вадзім Дзевятоўскі: Што цяпер адбываецца ў лёгкай атлетыцы? Быў прызначаны новы галоўны трэнер Ігар Сівадзедаў, адбыліся змены. Ну і вось паглядзіце. На зімовым чэмпіянаце свету — два медалі. Літаральна ў чэрвені наша каманда заняла першае месца ў Кубку Еўропы і паднялася ў найвышэйшы дывізіён. Далей у Швейцарыі будзе праходзіць чэмпіянат Еўропы, пасля якога стан лёгкаатлетычнай зборнай можна будзе ацаніць яшчэ больш аб’ектыўна. Але пазітыўныя змены ў лёгкай атлетыцы — яны адназначныя.

Што да майго ўдзелу ў развіцці лёгкай атлетыкі, то, канечне, такое жаданне ёсць. Але я ўзяў паўзу. Не хацелася б у прэсе гэтае пытанне абмяркоўваць.

Еўрарадыё: Відаць, вы маеце на ўвазе допінгавыя скандалы. Хоць вам і ўдалося адстаяць сваю пазіцыю ў судзе, які прашумеў на ўвесь свет. Помнім, вы нават разважалі пра вяртанне ў вялікі спорт.

Вадзім Дзевятоўскі: Вось таму было не да месца займацца пытаннямі менеджменту ў лёгкай атлетыцы. Захоўваўся шанец, што я вярнуся ў якасці прафесійнага спартсмена. Былі падвешаныя пытанні. Але ўжо два гады спіна не вылечваецца. Прынамсі без экстраных, радыкальных умяшальніцтваў. І вось настаў чэмпіянат свету па хакеі. Мы ім жылі, і пасля сканчэння нават было пачуццё суму. Гэта адыграла сваю ролю ў тым, што я пагадзіўся стаць кандыдатам на пасаду кіраўніка ФХРБ.

Што да лёгкай атлетыкі, то я маю зносіны і з кіраўніцтвам Федэрацыі, і з трэнерамі, і са спартсменамі. Гэтыя цесныя сувязі не разрываюцца. З задавальненнем удзельнічаю ў арганізацыі турніру сярод кідальнікаў молату.

“Лічу, што па зарплатах у нашым хакеі не мусіць быць закулісных падыходаў. Пытанне павіннае быць празрыстым”

Еўрарадыё: Беларусаў часам нервуюць высокія зарплаты ў беларускім хакеі. Самыя перспектыўныя лёгкаатлеты зарабляюць у разы менш, чым шэранькі, здавалася б, хакеіcn. Што вы думаеце на гэты конт?

Вадзім Дзевятоўскі: Будзе карысна ўнікнуць у гэтыя пытанні. Але такія хакейныя зарплаты — сусветная тэндэнцыя. Гэтыя зарплаты прыдумала не дзяржава. Існуе рынак, канкурэнцыя. Добра гэта ці дрэнна — давайце разважаць разам. Аднак за Мішу Грабоўскага мы толькі цешымся. Гэта наш беларус, які мае такі ўнушальны кантракт. У КХЛ кантракты часам нават перакрочваюць НХЛ. У той жа час ёсць швейцарскі чэмпіянат, шведскі, дзе кантракты нашмат больш сціплыя, а лігі пры гэтым цікавыя. Лічу, што па зарплатах у нас не мусіць быць закулісных падыходаў. Пытанне павіннае быць празрыстым.

Еўрарадыё: У Беларусі так павялося, што кіраўнікамі спартыўных федэрацый прызначаюць вядомых чыноўнікаў, часам далёкіх ад спорту. Як вы да гэтага ставіцеся?

Вадзім Дзевятоўскі: Калі скажу, што чыноўнікі на пасадах кіраўнікоў федэрацый патрэбныя, апаненты не зразумеюць. Калі скажаш, што прызначэнне чыноўнікаў — гэта няправільна, таксама атрымаю адлуп. Тым больш што ёсць добрыя прыклады. Тая ж Федэрацыя біятлону (ёй кіруе старшыня КДБ Валерый Вакульчык,Еўрарадыё). Дай Бог усім такой яснасці і такога парадку. Альбо неяк Аляксандра Герасіменя выказала пажаданне, каб пасаду кіраўніка Беларускай федэрацыі плавання заняў Анатоль Афанасьевіч Тозік (віцэ-прэм’ер Беларусі,Еўрарадыё). Чаму двухразовая прызёрка Алімпіяды называе чыноўніка, а не спецыяліста па плаванні? Лічу, што галоўнае, каб чалавек на такой пасадзе жыў сваім відам спорту і сумленна працаваў, з імкненнем да максімальнага выніку. 

Фота thestar.com і "Белгазеты"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі