Дзмітрый Рабаў: На наступным тыдні не будзе -34, максімум — -20 градусаў

Дзмітрый Рабаў: На наступным тыдні не будзе -34, максімум — -20 градусаў

Па папярэдніх прагнозах Белгідрамета, у сярэдзіне наступнага тыдня ў Беларусі чакаецца халоднае зімовае надвор'е. Уначы слупок тэрмометра апусціцца да мінус 7 — мінус 14 (пры праясненнях — да -20 градусаў). Удзень будзе ад -3 да -10 марозу. Ніякіх рэкордных 34-х градусаў марозу, пра якія надоечы паведамлялі розныя метэа-сайты, баяцца не трэба. Па словах начальніка службы метэапрагнозаў Дзмітрыя Рабава, верагодна, у сістэме доўгатэрміновых прагнозаў адбыўся збой лікавага мадэлявання, на дадзены момант на тых жа сайтах можна ўбачыць іншыя лічбы. А ўвогуле, варта давяраць менавіта кароткатэрміновым прагнозам надвор'я, кажа Рабаў.

Рабаў: "Калі казаць пра рэкорды, можна згадаць рэкорд для Мінска, які быў адзначаны 29 снежня 1930 года, калі тэмпература апусцілася да мінус 30,6 градуса. А 31 снежня 1979 года — 38,6 марозу было ў Езярышчах Віцебскай вобласці. То бок, гэта было вельмі даўно".

Да канца гэтага тыдня цыклонаў і снегападаў чакаць не варта. У бліжэйшыя суткі ў начныя гадзіны па поўначы, а ўдзень — у многіх раёнах рэспублікі пройдзе невялікі снег, па захадзе — мокры снег, будзе крыху слізка.

"Тэмпература ўначы будзе ад мінус 11 да мінус 16 (пры праясненнях да -17 -19, па захадзе — ад -5 да -10 градусаў). Дзённая тэмпература паветра будзе ад -4 да +1, на ўсходзе — да -7 градусаў, — працягвае сіноптык. — То бок, можна сказаць, што да канца гэтага тыдня чакаюцца такія "арэлі" надвор'я, бо ў суботу ўначы, напрыклад, будзе -1 -8, а ўдзень — ад -1 да +2. У нядзелю характар надвор'я не зменіцца, пройдзе кароткачасовы снег".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі