Дз.Смірноў: Да арышту мае словы прачытала 20 000 чалавек, пасля — увесь свет

Справа латвійскага эканаміста, які раіў мяняць латы і забіраць грошы з банкаў, завісла ў паветры. Нагадаем, эканаміст і журналіст Дзмітры Смірноў быў затрыманы за свае выказванні 21 лістапада на 48 гадзінаў. Потым яго адпусцілі, выставіўшы абвінавачанні ў свядомым падрыве фінансавай сістэмы Латвіі.

Дзмітры Смірноў распавядае Еўрарадыё пра хаду справы пасля таго, як ён правёў два дні ў ізалятары.

Дзмітры Смірноў:
Далей усё заглухла. У мяне няма ніякай інфармацыі. Адзінае, што магу сказаць, — крымінальная справа яшчэ не закрытая, усё яшчэ ідзе расследаванне. І ў дачыненні да мяне ўсё яшчэ дзейнічае мера ўтрымання — падпіска аб нявыяздзе.

Дзмітрыю Смірнову за ягоную параду пагражае да пяці год пазбаўлення волі. Затое з-за затрымання справа атрымала непаўторны рэзананс. Беларусь стала 18-й краінай, журналісты з якой звярталіся да Дзмітрыя з пытаннямі.

Дзмітры Смірноў:
Канечне, маё затрыманне атрымала велізарны рэзананс.  І ў Латвіі, і ў бліжэйшым замежжы, і ў краінах Заходняй Еўропы журналісты кажуць, што не могуць зразумець, як такое магло адбыцца ў дэмакратычнай дзяржаве.

Што да абвінавачанняў у тым, што ён сеяў паніку і падрываў фінансавую сістэму, то Дзмітры Смірноў лічыць, што замоўчваць негатыўныя тэндэнцыі, магчыма, мэтазгодна ў таталітарнай дзяржаве, але ніяк ні пры рынкавай эканоміцы.

Дзмітры Смірноў:
Гэта, так бы мовіць, мэтазгодна толькі ў таталітарнай дзяржаве, калі ёсць таталітарная эканоміка. Пры рынкавай эканоміцы ўсе забароны адыгрываюць толькі негатыўную ролю. І вось вам прыклад. Я гэтыя словы сказаў — пра тое, што не варта захоўваць грошы ў латах, не варта класці іх у банкі — у інтэрв’ю невялікай рэгіянальнай газеце. І першапачаткова гэтае інтэрв’ю прачытала максімум дзесяць-дваццаць тысячаў чалавек. Пасля майго арышту гэтыя словы працытавалі не толькі ўсе найбуйнейшыя латвійскія газеты, але і выданні па ўсім свеце. Нават Wall Street Journal апублікаваў гэтыя словы. Бачыце, што атрымалася. Замест таго, каб стабілізаваць сістэму, гэта ўсё было разадзьмута амаль да міжнароднага ўзроўню. У рынкавай эканоміцы любыя забароны кажуць толькі пра бездапаможнасць улады, пра тое, што ні наш урад, ні Нацбанк не маюць ніякага ўяўлення, што такое механізмы рынкавай эканомікі і як імі карыстацца, а адзінае, што ўмеюць — выкарыстоўваць таталітарныя метады.

Нагадаю, што Нацбанк Беларусі перад Новым годам таксама спрабаваў пазбегнуць панікі аналагічным спосабам. Беларускія банкіры прапанавалі ўжываць у дачыненні да песімістаў артыкул 250 Крымінальнага кодэксу “Пра распаўсюд хлуслівай інфармацыі аб таварах і паслугах”. Што праўда, у нашай краіне пакуль не чуваць пра судовы пераслед за крызісныя размовы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі