Дзядзька захопленай беларускі: За мяжой яна нібыта працавала танцоўшчыцай

“Мне цяпер сябар тэлефанаваў, сказалі, што паказалі ролік па тэлевізары, — апавядае М. Маркіяновіч. — Я відэа пакуль не бачыў. Прозвішча было названа нібыта яе і знешне яна нібыта была падобная. Здаецца, гэта мая пляменніца”.

Еўрарадыё: На відэа паказана, што яна нібыта шпіёніла супраць сірыйскіх паўстанцаў. Што ўвогуле яна магла там рабіць?

М. Маркіяновіч: Не маю ўяўлення. Але яна ўжо трэці год ездзіць за мяжу. Казала ці пра Ліван, ці пра Іарданію. Нібыта працавала танцоўшчыцай. Увесь час дома знаходзілася, калі прыязджала. Дома яна ўвесь час закрывалася, са сваякамі размаўляла мала. У мяне з ёй былі праблемы, у многім праз яе памерла мая старэйшая сястра — маці Святланы. У яе быў інфаркт. Праблемы пачаліся перад тым, як пляменніца збіралася за мяжу. Жыла Святлана разам з маці і бабуляй. Яна псіхічна своеасаблівая, мая пляменніца, складаная па характары, запальчывая. Я толькі туды прыязджаў разрульваць канфлікты: Святлана часам не ладзіла з бабуляй і маці. Пакуль мой бацька быў жывы, дома быў парадак, а пасля Святлана часта зрывалася, хоць мая сястра неверагодна добрым чалавекам была.

Еўрарадыё: Ці ёсць у Святланы бацька?

М. Маркіяновіч: Бацька яе жыве ў Гомелі, развёўся з маці, калі Святлане было тры-чатыры гады. Сама Святлана незадоўга да ад’езду адмовілася ад дзіця, якога спачатку глядзела бабуля і мама. Цяпер дзіця ўсынавілі.

З. Маркіяновіч, бабуля Святланы, расказала Еўрарадыё пра тое, што ўнучка нічога ёй не расказвала, але сапраўды выправілася за мяжу. Паводле слоў бабулі, унучка ў Беларусі вывучылася на бухгалтарку, а калі некалі і працавала, то ў сферы гандлю.

Нагадаем, відэа, дзе дзяўчына называе сябе беларускай Святланай Маркіяновіч і прызнаецца ў шпіёнстве на карысць шыіцкай групоўкі "Хезбалах", з’явілася на YouTube 9 жніўня. Якім чынам яна магла трапіць у Сірыю, хто яе туды накіраваў і чым яна там займалася — невядома.

Сітуацыю ўскладняе тое, што партызаны, праціўнікі Асада, уяўляюць сабой кангламерат разнародных сілаў. Сярод іх дзейнічаюць як атрады дэзерціраў з сірыйскай арміі, так і тэрарыстычныя ячэйкі, звязаныя з "Аль-Каідай", а таксама проста крымінальныя банды. А ліванская групоўка "Хезбалах", у шпіёнстве на карысць якой пад дуламі аўтаматаў прызнаецца дзяўчына, выступае на баку ўладаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі