Экс-"бітлы" выступілі на канцэрце фонда Дэвіда Лінча

Былыя ўдзельнікі гурта The Beatles Пол Макартні і Рынга Стар выступілі 4 красавіка на дабрачынным канцэрце ў Нью-Ёрку, паведамляе агенцтва Reuters. Гэта быў першы сумесны выступ музыкантаў з 2002 года.

Сродкі, атрыманыя ад канцэрту ў нью-ёркскім Radio City Music Hall, паступяць у фонд Дэвіда Лінча, які займаецца папулярызацыяй трансцэндэнтальнай медытацыі сярод "цяжкіх" дзяцей і падлеткаў у 30 краінах. Частку канцэрту музыканты прысвяцілі памяці ўдзельнікаў гурта: застрэленага ў 1980 годзе ў Нью-Ёрку Джона Ленана і памерлага ад рака ў 2001 годзе Джорджа Харысана. 

Акрамя хітоў The Beatles, абодва музыкі выступілі з песнямі, напісанымі за час сольнай кар'еры. Агенцтва адзначае, што калі Рынга Стар выйшаў на сцэну, Макартні прадставіў яго гледачам як Білі Шырса (так звалі саліста выдуманага "аркестра клуба самотных сэрцаў сяржанта Пэпера" на плыце The Beatles "Sgt. Pepper's Lonely Hearts Club Band").

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі