Экс-палітвязень Рубцоў хоча патрабаваць свайго апраўдання, а не памілавання
І гатовы дайсці да міжнародных інстанцыяў.
Экс-палітвязень Юрый Рубцоў не вельмі задаволены памілаваннем, паводле якога яго выпусцілі са зняволення. Ён намераны дамагацца свайго апраўдання, бо лічыць прысуд незаконным. Пра гэта Рубцоў распавёў у жывым эфіры Еўрарадыё.
Бліжэйшымі днямі ён намераны падаць старшыні Брэсцкага абласнога суда наглядную скаргу на прысуд абласнога суда, які прысудзіў яму два гады калоніі — нібыта за ўхіленне ад адбыцця пакарання.
Рубцоў: "Я буду патрабаваць гэта і ў старшыні абласнога суда, і ў старшыні Вярхоўнага суда. Я не спадзяюся, што гэтыя суды мяне апраўдаюць. Я буду гэта рабіць з той мэтай, каб потым была магчымасць падаць у міжнародны суд".
Юрыя Рубцова вызвалілі разам з пяццю іншымі палітвязнямі 22 жніўня згодна з закрытым указам Аляксандра Лукашэнкі.
У каментары Еўрарадыё экс-палітвязень адзначыў, што ніхто з палітыкаў яго пакуль што не віншаваў з вызваленнем. Ён дадаў, што чуе з боку некаторых палітыкаў крытыку на свой адрас за сваю паслядоўную пазіцыю наконт неабходнасці байкатаваць выбары.
Фота з сацсетак