Экс-памочніца Лукашэнкі ўзначаліла турфірму "Шантэр"
Адным з уладальнікаў кампаніі з'яўляецца вядомы бізнэсовец Аляксандр Шакуцін.
Былая памочніца прэзідэнта Наталля Пяткевіч узначаліць турыстычную кампанію "Шантэр". Інфармацыю пра гэта парталу tut.by пацвердзіў адзін з уладальнікаў кампаніі — вядомы бізнэсовец Аляксандр Шакуцін.
Кампанія мае паляўнічую гаспадарку "Чырвоны Бор" у Верхнядзвінскім раёне Віцебшчыны. Тут паставілі віп-катэджы і драўляныя домікі з сонечнымі батарэямі і геатэрмальным ацяпленнем. Ёсць рэстаран, кіназала, канферэнц-зала, трэнажорная зала, лазня і іншыя абавязковыя атрыбуты турыстычнага комплексу.
Таксама кампанія "Шантэр" аб'яднае некалькі аб'ектаў адпачынку "Амкадора". Гаворка ідзе пра санаторый "Пралеска" на беразе Мінскага мора, базу адпачынку "Рудакова" на Нарачы, дзіцячы лагер "Даманава" ў Маладзечанскім раёне. Каля "Мінск-Арэны" плануецца пабудаваць гатэль. На мадэрнізацыю турыстычных аб'ектаў, па словах Шакуціна, плануецца выдаткаваць больш за 100 млн долараў.
Дарэчы, назва кампаніі "Шантэр" расшыфроўваецца як "Шыкоўны Адпачынак На ТЭрыторыi Радзiмы".
Фота — belaruspartisan.org