Эксперт: Беларусы пакуль не паказалі нічога, што варта было б капіяваць
Еўрапейскі суд юстыцыі забараніў рэгістрацыю савецкага герба як гандлёвай маркі. Сітуацыю каментуе рэкламны кансультант Юлія Ляшкевіч.
Суд падтрымаў рашэнне службы ЕС па таварных знаках і забараніў фірме Couture Tech рэгістрацыю герба Савецкага Саюза як брэнда, паведамляе The Times. Раней фірма, звязаная з адной з расійскіх кампаній, спрабавала зарэгістраваць герб СССР як уласную інтэлектуальную маёмасць.
Еўрарадыё: Наколькі апраўдана і мэтазгодна ў камерцыі выкарыстанне фірмамі палітычнай сімволікі?
Ляшкевіч: “У рэкламным бізнэсе часта здараецца, што нейкая фірма спрабуе зарэгістраваць агульнавядомыя сімвалы. Тут вельмі шмат прававых нюансаў, бо існуе такое паняцце, як аўтарскае права: і ў сцягоў, і ў гербаў ёсць аўтары. З іншага боку, ёсць сімвалы, якія належаць цэлым эпохам, народам ці краінам. Уявіце сабе, калі нехта вырашыць зарэгістраваць у якасці сваёй гандлёвай маркі проста літару “А” з алфавіта. Падобная сітуацыя і з гербам. Лічу непрымальным, калі канкрэтная фірма прэтэндуе на сімволіку нейкай краіны.
Еўрарадыё: З іншага боку суд, які забараніў выкарыстанне савецкага герба як гандлёвай маркі, сцвердзіў, што серп і молат “супярэчаць прынцыпам публічнай палітыкі і прынятым нормам маралі”. Гэта можа азначаць, што савецкая сімволіка ў Еўропе прыраўнаная да нацысцкай?
Ляшкевіч: “Сёння шмат людзей носіць на сабе розную сімволіку, у тым ліку і палітычную, і ім гэта здаецца пацешным. Але хтосьці гэтага не прымае. Хтосьці не прымае помніка Леніну на плошчы Незалежнасці. У нас, у адрозненне ад фашысцкай Германіі не адбылося пераасэнсавання каштоўнасцяў. Шмат сем'яў пацярпела ад камуністаў, але хтосьці працягвае ганарыста насіць і выкарыстоўваць іхнія сімвалы”.
Еўрарадыё: Што б вы маглі параіць выкарыстоўваць у якасці брэндаў беларускім фірмам?
Ляшкевіч: “Калі фірма будзе рабіць канкурэнтаздольны тавар, прадукцыю высокай якасці, брэнд адыдзе на другое месца. І тут не так важна, якую сімволіку ты выкарыстоўваеш”.
Еўрарадыё: Ці ёсць, на ваш погляд, нацыянальны брэнд у беларусаў?
Ляшкевіч: “На дадзены момант у нас нічога моцнага няма. Напрыклад, падчас памаранчавай рэвалюцыі ва Ўкраіне, брэндам стала каса Юліі Цімашэнка. Усе на яе звярталі ўвагу. Беларусы пакуль што не прадэманстравалі нічога такога, што б варта было капіяваць і чым бы варта было захапляцца”.