Эксперт: Пра сённяшні кошт на газ Беларусь і Расія дамовіліся яшчэ ў 2011-м

Кошт на расійскі газ для беларускіх спажыўцоў у 2014 годзе можа вырасці на 10 долараў — з сённяшніх $165,6 да $175 за 1 тысячу кубаметраў. Першы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка тлумачыць падаражэнне тым, што формула кошту прывязаная да сусветных каціровак па нафце.



Па словах Сямашкі, падаражэнне ў кожным разе будзе нязначным. Але інакш і не можа быць, сцвярджае незалежны аналітык Сяргей Чалы, бо перамовы наконт кошту на газ паміж Беларуссю і Расіяй немагчымыя.



Чалы: “Формула, па якой ён вылічаецца, была зацверджаная ў 2011 годзе. Пасля продажу апошняй часткі “Белтрансгаза” за 2,5 мільярда долараў была заключаная яшчэ адна дамова, якая і вызначала кошты на газ для нас.



Мы ж знаходзімся ў Адзінай эканамічнай прасторы. І чаму тады ў нас тавар, які не з’яўляецца таварам, выключаным з рэжыму Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы, па іх формуле, што вылічалася праз Польшчу, мусіў каштаваць 300 долараў за 1 тысячу кубаметраў? Нафта ў той час ужо была выключаная па выніках “нафтавай вайны”, што адбылася за паўгода да таго. Газ Расія хацела выключыць таксама, але не атрымалася.



І вось па выніках 2011 года была прынятая формула, па якой вылічаецца кошт на газ для нас. Гэта расійскі кошт + эканамічна абгрунтаваныя выдаткі па яго транспартаванні. Таму расіяне не могуць прыйсці і сказаць: “Мы хочам прадаваць вам газ па такім-та кошце”. Ім цяпер не адкруціцца”.



Пагадненне заключанае на трохгадовы тэрмін — да 2015 года, калі Расія мусіла пераходзіць на роўнадамоўныя кошты на газ з Еўропай. Але расіяне спачатку перанеслі пераход на еўрапейскія кошты на 2018 год, а пасля адмовіліся ад яго ўвогуле. Таму формула, паводле якой зараз вылічаецца кошт на расійскі газ для Беларусі, мае бестэрміновы характар. Яна будзе дзейнічаць, пакуль парадак коштаўтварэння не зменіцца ў Расіі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі