Эксперт: З чорнага спісу маглі выключыць журналістаў і ФК "Дынама-Мінск"

Савет Еўрасаюза працягнуў тэрмін дзеяння санкцый супраць Беларусі да 31 кастрычніка 2015 года. Рашэнне ЕС матывуецца тым, што "не ўсе палітвязні былі вызваленыя і рэабілітаваныя, а таксама тым, што захаванне правоў чалавека, прынцыпаў прававой дзяржавы і дэмакратычнага грамадства не палепшылася ў Беларусі". 

У аглядзе таксама абноўлены спіс беларускіх грамадзян і арганізацый, супраць якіх будуць і далей прымяняцца абмежавальныя меры. Як адзначаецца ў паведамленні, Савет ЕС "не бачыць падставаў для захавання санкцый для 24 чалавек і 7 прадпрыемстваў, якія знаходзяцца пад абмежаваннямі". 

“Гэта знак з боку ЕС, што яны гатовыя пераглядаць санкцыі, — выказвае сваё меркаванне на змены ў чорным спісе палітолаг Андрэй Елісееў. — Яны паказваюць, што не ўвязваюць дыпламатычнае пасярэдніцтва Беларусі па Украіне наўпрост з чорным спісам. Еўрапейскі саюз цэніць тую ролю, якую Беларусь адыграла па канфлікце на Данбасе, але не мае намеру адмяняць чорны спіс без вызвалення палітзняволеных. Цяпер ЕС чакае вырашальнага кроку ад Беларусі”.

Пакуль невядома, хто быў выключаны з чорнага спісу. На думку Елісеева, хутчэй за ўсё гэта людзі, якія ўжо не займаюць пасады, на якіх іх уносілі ў спіс. Таксама палітолаг дапускае, што са спісу выключылі журналістаў, ФК “Дынама Мінск” і шэраг прадпрыемстваў, у якіх змяніўся ўласнік.

“Тупік, які ёсць у адносінах ЕС і Беларусі, фармальна застаецца, — разважае Андрэй Елісееў наконт магчымага адказу беларускіх уладаў. — Беларусь, безумоўна, хацела, каб Еўрасаюз добра адзначыў яе ролю па канфлікце на Данбасе, але гэта не звязаныя рэчы. Таму цяпер мяч на беларускім баку: трэба вызваляць палітычных зняволеных. Але я не думаю, што Мінск гатовы зараз ісці радыкальна насустрач. Папросту ён не бачыць, у чым будзе вялікая карысць нармалізацыі адносінаў з ЕС, калі ўсе палітзняволеныя будуць вызваленыя”.

Савет Еўропы падкрэслівае, што скарачэнне чорнага спісу не азначае змены палітыкі ЕС да Беларусі. "ЕС працягвае рэалізоўваць палітыку крытычнай супрацы з Беларуссю, якая мае на мэце прасоўванне павагі да правоў чалавека, вяршэнства закона і дэмакратычных прынцыпаў у Беларусі", — гаворыцца ў паведамленні.

Спіс людзей і прадпрыемстваў, якіх выключылі з чорнага спісу, ЕС апублікуе ў пятніцу, 31 кастрычніка. Адпаведныя прававыя акты будуць апублікаваныя ў Афіцыйным весніку ЕС, пасля чаго і набудуць моц.

Фота — interfax.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі