Эліс Купер, Бі Бі Кінг і Боб Дылан паўдзельнічалі ў трыб'юце Полу Макартні
Складанка рыхтавалася некалькі гадоў і выйдзе 17 лістапада.
Зоркі музыкі падрыхтавалі трыб'ют Полу Макартні. Ён называецца "The Art Of McCartney", а ідэя стварэння складанкі належыць лос-анжэлескаму прадзюсару Ральфу Солу. Сол працаваў з сэрам Полам у 2003 годзе над архіўнай песняй "A Love for You".
Трыб'ют, які рыхтаваўся некалькі гадоў, уключае ў сябе 34 перапеўкі вядомых песень экс-бітла (як сольных, так і напісаных сумесна з Джонам Ленанам для Beathles): ад "Drive My Car", "Helter Skelter" і "Yesterday" да "Band on the Run", "Got to Get You Into My Life" і "Birthday".
У трыб'юце ўзялі ўдзел Боб Дылан, Бі Бі Кінг, Эліс Купер, Роджар Долтры з "The Who", Білі Джоэл, Kiss, Браян Уілсан з Beach Boys і іншыя.
У інтэрнэце з'явілася студыйнае відэа The Cure падчас выканання бітлоўскага хіта "Hello Goodbye". У працы на версіяй да музыкаў гурта далучыўся Джэймс Макартні, сын Пола, які сыграў на клавішных.
Трыб'ют "The Art Of McCartney" выйдзе 17 лістапада на CD, вініле і лічбавых носьбітах.
Паводле music.com.ua
Фота: musik.com.ar