Эльжбета Радзівіл пра Нясвіжскі замак: Жудасна было пабачыць гэтую руіну…

У эксклюзіўным інтэрв’ю князёўна выказала расчараванне ад рэканструкцыі замка, распавяла пра домік, які ў цэнтры Нясвіжа ёй пакінуў бацька, і паабяцала зноў прыехаць у Беларусь (ВЯЛІКІ ФОТАРЭПАРТАЖ). Чацвёра сутак князі Радзівілы правялі ў Беларусі. Наведалі шмат гістарычных мясцін і, канешне ж, родны Нясвіж. Ужо па дарозе ў аэрапорт мне ўдалося задаць некалькі пытанняў галоўнай асобе з ўсіх гасцей – 91-гадовай Эльжбеце Радзівіл, дачцэ апошняга ўладара Нясвіжскага замка Альбрэхта Радзівіла.

Глеб Лабадзенка: Пані Эльжбета, якое вашае агульнае ўражанне ад гэтага візіта?

Эльжбета Радзівіл: Маё ўражанне, што горад Мінск — фантастычны, добры, добра адбудаваны. Візіт наш быў ве-ельмі прыемна прыняты. Не спадзявалася, што ўсё так будзе, што будзе столькі мілых слоў, што нас так гасцінна прымуць! І за гэта вельмі дзякуем! Візіт у Нясвіж быў вельмі стамляльны, але яшчэ больш я была расчараваная – пабачыць такі прыгожы замак у такім сумным стане… І маю надзею, што ён будзе адноўлены гэтак жа ладна і дакладна, якім быў да 1939 года.

Глеб Лабадзенка: А што цяпер самае дрэннае ў рэстаўрацыі замку?


Эльжбета Радзівіл: Жудасная – гэтая вежа, новая вежа, якая не пасуе да цэлага замку! Яе трэба замяніць на вежу, якая была ў 1939 годзе. І якая пасуе да другой вежы, што над уваходам. І не можа быць так: адна вежа такая, другая сякая. Па-за тым, валы прапанавала б зрабіць такімі, якімі яны былі. Каб можна было навокал замка хадзіць па валах. Маю надзею, што ўсе гэтыя правалы і дзіркі (смяецца) будуць добра загладжаныя.

Глеб Лабадзенка: А што вы думаеце пра тое, што пабачылі ўнутры замка?

Эльжбета Радзівіл: Ну, унутры замка збольшага так, як было – гэта вельмі добра. Праўда, некаторыя пакоі цалкам змененыя, невядома навошта. Ну і ўнутры трэба так рабіць так, як было перад 1939 годам, бо было вельмі хораша тады. Функцыянальна і добра. А зараз… Не вельмі зразумела, як гэта будзе… Калі можна, я хацела б прыехаць праз год, у такі ж самы час, каб пабачыць, як ідзе аднаўленне. Калі дазволіце, я з ахвотай прыеду.

Глеб Лабадзенка: А што засталося ў Нясвіжы з часу вашага дзяцінства?

Эльжбета Радзівіл:
Шмат чаго засталося! Яно таксама змененае. Але ўсё гэта можна вярнуць на перадваенны час, і вельмі лёгка. Для гэтага не спатрэбіцца нейкіх вялікіх выдаткаў. Выдатак будзе адзін – замяніць гэтую новую гратэскную вежу, якая была збудаваная, і якая не пасуе да цэльнасці замку. Сама па сабе яна вельмі прыгожая, але не пасуе. А ў жыцці, і ў гісторыі ідзем наперад, ніколі назад. І гэта трэба запомніць.

Глеб Лабадзенка: Пані Эльжбета, вы казалі, што ў Нясвіжы яшчэ ёсць нейкі дом, што пакінуў вам бацька…

Эльжбета Радзівіл: На галоўнай вуліцы, недалёка ад пошты стаіць такі дамок, які бацька мне асабіста пакінуў у тэстаменце. І было б міла для мяне летам у ім пажыць месяц, на вакацыях. Ахвотна б прыехала. І гэтак жа ахвотна пажыла б троху ў замку.

Глеб Лабадзенка: Што яшчэ, апроч наведвання Нясвіжа, вам спадабалася з усяго візіту?


Эльжбета Радзівіл: Што ўрад беларускі дбае пра нашу спадчыну, што ён гэтым займаецца, аднаўляе Нясвіж – гэта вельмі важна. І што апякуюцца з замку.

Глеб Лабадзенка: А вы не хацелі б сёння вярнуцца жыць у Беларусь: Нясвіж, замак?..


Эльжбета Радзівіл: Толькі на месяц улетку! Толькі на адзін месяц, калі будзе цёпла, добра і шмат кветак. Ахвотна прыехала б у Нясвіж.

Глеб Лабадзенка: А можа, нешта ў гэтым візіце было непрыемнае?

Эльжбета Радзівіл: Нічога не было дрэннага. Жудасна было пабачыць гэтую руіну. Але ёсць надзея, што адбудуюць. А калі ёсць надзея, значыцца, усё ў парадку.

Ужо каля самага аэрапорта пані Эльжбета просіць яшчэ раз уключыць дыктафон. Адметна, што паралельна нас намагаюцца не падпусціць да аэрапорту міліцыянты, бо якраз прызямляецца самалёт з расійскім прэм’ерам Пуціным. Гаворыць Эльжбета Радзівіл.

Эльжбета Радзівіл: Асабліва цешуся, што ўдалося прыехаць сюды разам з сынам і ўнукамі. Прыехаць у горад, дзе мне было так добра. І … (Наш кіроўца аўто кажа даішніку, які затуляе дарогу аўто: “Паслухайце, у нас Радзівілы, у іх зараз самалёт!” Даішнік тут жа прапускае наш картэж). І вельмі спадабалася атмасфера беларуская, якая вельмі прыемная…

Самалёт адляцеў, уносячы ад нас 10 прадстаўнікоў роду Радзівілаў. Выглядае, што ім спадабалася ў Беларусі. Князь Мацей нават паабяцаў увосень прывезці ў Нясвіж усіх сваіх пецярых дзяцей. Ды і князёўна Эльжбета, як вы чулі, збіраецца яшчэ не раз адведаць родны Нясвіж. Беларусь будзе чакаць на Радзівілаў.


У нясвіжскім касцёле Божага Цела для княгіні паставілі трон


Яна была вельмі расчуленая


Шампанскае “Радзівіл” ад мэра Нясвіжа


Артысты ў касцюмах вітаюць князёў


У Ратушы


Каля кафлі з радзівілаўскім арлом


Музыка ў гонар княгіні


Пані Эльжбета сказала, што ў яе дзяцінстве гралі гэтак жа хораша


Абед ад кіраўніцтва горада


Першы позірк на замак


Радзівілы ля свайго гнязда



Рэстаўратар Друшчыц пераконвае княгіню, што ўсё так і было, калі яна жыла ў замку


Княгіня адсунула Друшчыца і накіравалася ў эпіцэнтр будаўнічых прац


На гэтым месцы быў пакой, у якім жыла пані Эльжбета. Салігорскі будтрэст зруйнаваў гэтую галерэю замка да зямлі


Ля галоўнага каміна ў сталовай залі


У гэтай залі княгіня Эльжбета 75 гадоў таму танчыла “Мазурку”


Сярод рыштаванняў


Пад сцягам рэвалюцыі


Кіруемся на валы


На валах пані Эльжбета расказала, дзе быў уваход у падземны ход


Усе былі агаломшаныя гэтымі падрабязнасцямі


Праз 80 гадоў Бэтка зноўку пайшла гуляць па валах


Гарбата для княгіні


У адноўленым архіве


“Дайце паглядзець вось гэтую кнігу!”


Выхад з замку


Як толькі княгіня пакінула замак, пайшоў дождж


“Мэрсэдэс” з міргалкай для пані Радзівіл


80 гадоў таму пані Эльжбета таксама вандравала з бацькам па Беларусі на “Мэрсэдэсе”


Такім пабачыла замак яго гаспадыня

Фота Аляксея Кульбіцкага і Глеба Лабадзенкі, labadzenka.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі