EPAM за мінулы год скараціў у Беларусі больш за 20% супрацоўнікаў

Офіс EPAM

Офіс EPAM / v-meste.by

Кампанія EPAM, якая застаецца рэзідэнтам Парка высокіх тэхналогій, за мінулы год скараціла колькасць працаўнікоў у Беларусі на 22%, піша рэсурс dev.by.

На канец 2023 года тут працавалі 3,5 тысячы вытворчых спецыялістаў. Гаворка ідзе аб супрацоўніках, якія непасрэдна занятыя ў ІТ-праектах не толькі інжынерах, але і бізнес-аналітыках, праект-мэнэджэрах, дызайнерах. Апошні раз столькі вытворчых супрацоўнікаў у EPAM было 10 гадоў таму у 2013 годзе. А ўсяго ў беларускім EPAM на канец 2023 года засталося менш за 5 тысяч чалавек з 10+ тысяч, якія працавалі раней.

У кастрычніку кіраўніцтва EPAM паведаміла супрацоўнікам аб рашэнні скараціць каля 2% штата ў Беларусі. "Гэта цяжкае, але неабходнае і адказнае рашэнне", – сказалі тады ў кампаніі. Гэты крок там растлумачылі "аб'ектыўным адлюстраваннем эканамічнай сітуацыі на глабальным рынку кліентаў за апошнія 12-18 месяцаў". Раней у кампаніі казалі, што шэраг замоўцаў адмовіліся працаваць з IT-спецыялістамі з Беларусі. З-за гэтага скараціўся партфель праектаў, а кампаніі прыйшлося рэлацыраваць асобныя каманды. З Расіі, нагадаем, пасля пачатку вайны кампанія сышла.

Каманда EPAM у Беларусі скарачаецца трэці год запар. З 2020 года колькасць вытворчых спецыялістаў зменшылася больш як у 2,5 раза або на 6+ тысяч спецыялістаў. Але ў мінулым годзе кампанія праводзіла скарачэнні і ў іншых краінах. У выніку за год глабальны штат EPAM скараціўся больш чым на 10% або на 6+ тысяч адмыслоўцаў. Калі на канец 2022 года ў кампаніі працавала 59,3 тысячы чалавек, то на канец 2023 года – 53,2 тысячы спецыялістаў.

Самы буйны офіс кампаніі па-ранейшаму знаходзіцца ва Украіне. На канец мінулага года там працавала 9100 вытворчых спецыялістаў. А адзінай буйной лакацыяй EPAM, дзе расце колькасць супрацоўнікаў, стала Індыя. За мінулы год штат індыйскага офіса вырас амаль на 20%. Цяпер тут працуе больш за 7 тысяч вытворчых спецыялістаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі