ЕС пакуль не абмяркоўвае зняцце санкцый, уведзеных супраць Беларусі
Еўрасаюз пакуль не абмяркоўвае зняцце санкцый, уведзеных супраць Беларусі. Час на гэта ёсць да канца года, заявіў кіраўнік МЗС Бельгіі Дідз'е Рэйндэрс.
Як інфармуе РІА "Новости", 4 верасня на нефармальным паседжанні кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў краін-чальцоў ЕС абмяркоўваліся адносіны з усходнімі партнёрамі, у тым ліку і з Беларуссю.
"Цяпер мы толькі ацэньваем сітуацыю, — гаворыць Дідз'е Рэйндэрс. — У тым, што датычыць Беларусі, мы адзначаем некаторыя крокі, такія як вызваленне [паліт]зняволеных. Мы вітаем гэтае вызваленне. Але мы не прасунуліся далей, у тым ліку ў адносінах санкцый. У гэтых адносінах тэрміны заканчваюцца ў канцы года, паглядзім, якія будуць прапановы Еўракамісіі".
Міністр замежных спраў Бельгіі не выключае, што абмеркаванне зняцця санкцый з Беларусі адбудзецца ўжо пасля прэзідэнцкіх выбараў у нашай краіне (яны прызначаныя на 11 кастрычніка).
Кіраўнік МЗС Люксембурга Жан Асельборн паведаміў, што на сённяшнім паседжанні пытанне зняцця санкцый з Беларусі нават не абмяркоўвалася. Ён нагадаў, што нядаўна Еўрасаюз выключыў з беларускага "чорнага спісу" групу асобаў (24 чалавек).
Санкцыі, уведзеныя супраць Беларусі з-за парушэння правоў чалавека, рэпрэсій супраць іншадумцаў ды інш., летась былі працягнутыя да 31 кастрычніка 2015 года.
Фота: ria.ru