ЕС патрабуе ад уладаў Беларусі вызваліць усіх палітвязняў

Жазэп Барэль / прэс-служба МЗС РФ
Жазэп Барэль / прэс-служба МЗС РФ

Еўрапейскі саюз чарговы раз звярнуўся да беларускіх уладаў з патрабаваннем вызваліць усіх палітычных зняволеных, прычым неадкладна і безумоўна. Тэкст заявы за подпісам кіраўніка еўрапейскай дыпламатыі Жазепа Барэля апублікаваны на сайце дыпламатычнай службы Еўрасаюза.

Заява была прымеркаваная да Міжнароднага дня салідарнасці з палітычнымі зняволенымі ў Беларусі. Са слоў Барэля, "ЕС цвёрда падтрымлівае беларускі народ і прадоўжыць дамагацца справядлівасці для ахвяр і прыцягнення да адказнасці вінаватых". Кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі таксама адзначыў, што рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца. Некаторыя факты парушэння правоў чалавека могуць быць прыроўненыя да злачынстваў супраць чалавечнасці. А Лукашэнка тым часам працягвае падрываць незалежнасць і суверэнітэт краіны. Ён падтрымаў Расію ў вайне супраць Украіны і цяпер жорстка пераследуе беларусаў за любыя антываенныя выказванні або за падтрымку Украіны.

Міжнародны дзень салідарнасці з палітычнымі зняволенымі ў Беларусі быў заснаваны ў памяць пра палітычнага зняволенага Вітольда Ашурка. Два гады таму ён памёр у Шклоўскай папраўчай калоніі. Прычына і абставіны яго смерці дагэтуль не расследаваныя.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі