Еўрапарламент і Савет ЕС дамовіліся наконт правілаў легальнай міграцыі ў ЕС

Еўрасаюз

Еўрасаюз / pixabay.com

Еўрапарламент і Савет ЕС 20 снежня папярэдне дамовіліся абнавіць еўрапейскі закон, які рэгулюе легальную міграцыю на рынак працы Еўрасаюза, паведамляе прэс-служба Еўрасавета.

Каментуючы дамову, міністр сацыяльнага забеспячэння і міграцыі Іспаніі Эльма Саіс зазначыла, што з напружанай сітуацыяй на рынку працы сутыкаюцца многія працадаўцы: "Прапанова, пра якую мы дамовіліся сёння, з'яўляецца адказам на сітуацыю дэфіцыту, бо яна прывядзе да плаўнага і прадказальнага працэсу падачы грамадзянамі трэціх краін заявы на працу і від на жыхарства адначасова".

Плануецца, што новыя правілы спросцяць працэдуру падачы заявы на атрыманне дазволу на пражыванне з мэтай працы на тэрыторыі дзяржавы ЕС. Аўтары законапраекта мяркуюць, што ён лазволіць знізіць працоўную эксплуатацыю работнікаў з трэціх краін.

Пры гэтым дзяржавы ЕС будуць мець права самастойна вызначаць, якіх і колькі работнікаў з трэціх краін яны хочуць дапусціць на свой рынак працы.

Работнік з трэцяй краіны зможа падаць заяву з тэрыторыі сваёй дзяржавы або з ЕС, калі ён ці яна з'яўляецца ўладальнікам дзейнага віду на жыхарства. Дзяржава ЕС будзе выдаваць адзіны дакумент, які будзе як дазволам на пражыванне, так і дазволам на працу. Выдаваць такі дазвол мусяць на працягу трох месяцаў пасля атрымання заявы.

Цяпер гэты законапраект павінны афіцыйна прыняць як Еўрасавет, так і Еўрапарламент.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі