Experty.by: Свежы подых і стомленасць ад старых твараў

25 лютага сайт Experty.by аб’явіць пераможцаў сваёй музычнай прэміі. На галоўную ўзнагароду “Альбом года” некалькі нечакана прэтэндуюць пласцінкі дэбютантаў-інструменталістаў Pafnutiy’s Dreams і (((О))), а таксама лонгплэі старажылаў беларускага андэграўнда Pukstband і The UNB.

“Можаце называць цяпер мяне Элам Джэро”, — смяецца Павел Кузюковіч, ён жа Пафнуцій — лідар Pafnutiy’s Dreams, дэбютны альбом якога “The Sandman" прадстаўлены на “Экспертах” у найбольшай колькасці намінацый.

Pafnutiy’s Dreams

"Я не чакаў, і, можа быць, скажу страшную рэч, не імкнуўся ніколі да гэтага, — прызнаецца ўзрадаваны Паша. — Але я задаволены, што з'явіўся водгук у людзей. І я рад, што менавіта людзі, звязаныя з музыкай, атрымліваюць ад гэтага задавальненне. Не, мне самаму спадабаўся альбом — інакш я б не выпускаў. Я стаяў у Англіі на беразе мора і 2 гадзіны слухаў запар. Я "прыбіўся", глядзеў на мора і думаў, што "вось жа як бывае ў жыцці: нічога не планаваў, проста сабраўся, сыграў, а яно атрымалася”.

У смартфоне Пафнуція пастаянна гучыць “Апошні альбом” — канкурэнт яго пласцінкі ад Сяргея Пукста і кампаніі. Паша кажа, што Пукст — гэта яго “дзіцячая любоў”, і што яму нават сорамна побач з ім паказваць свае сціплыя творы. 

Для аўтара праекту (((О))), гомельскага электроншчыка Мікіты Васільева, існаванне такога музыкі, як Сяргей Пукст, увогуле стала адкрыццём года! Васільеў лічыць Пукста не такім ужо і “андэграўндным таварышам”, паколькі ўяўляе сабе, як яго песні гучаць па тэлебачанні. Сваё жа дасягненне на “Экспертах” Мікіта лічыць нечаканасцю.

Мікіта Васільеў

Мікіта Васільеў: “Я здзівіўся вельмі, калі шчыра. Пласцінка "Forever I Am" — гэта ўвогуле першыя мае музычныя крокі: нешта даведаўся, зрабіў і атрымаў досвед. І я выкладаў гэта ў Сеціва з той пазіцыі, маўляў, вось я нешта зрабіў — паслухайце. То бок, я не разлічваў увогуле на тое, што будуць нейкія намінацыі, нехта гэта ацэніць”.

Лідару Pukstband даспадобы прыйшліся абодва інструментальныя альбомы-намінанты.

“Пафнуцій цікавы перадусім тым, што гэта нестандартны падыход і адсутнасць кансерватызму, — мяркуе Сяргей Пукст.Гэта свежы подых і новае слова ў беларускай джазавай музыцы. То бок, на лакальным узроўні гэта вельмі вялікі прарыў. (((О))) мае даволі цікавыя музычныя рашэнні. Дарк-электронны праект мне падаўся таксама цікавым”.

А вось Дзмітрый Дольнік з гурта The UNB не любіць крытыку ні ў адносінах да сябе, ні ў адносінах да калег. Таму пагаджаецца пракаментаваць толькі свае поспехі.

Дзмітрый Дольнік

Дзмітрый Дольнік: "Мне падабаецца мая праца. "Крот-фронт" — добры альбом. Што тычыцца навіны, нібыта таксама някепская. Ну, я спакойна стаўлюся да рознага кшталту топаў. Але ў любым выпадку прыемна, калі гэта некім заўважана".

Нечаканыя “альбомныя” вынікі 2013 года тлумачыць каардынатар сайта Experty.by, журналіст Зміцер Безкаравайны:

"2013 год атрымаўся некалькі непрадказальным, таму што канцоўка года адрознівалася ад таго, што мы мелі цягам 9-10 месяцаў. З'явіліся нечаканыя альбомы, нечаканыя фаварыты, пра якіх ніхто наперад не ведаў. Гэта першае. Па-другое, трэба звярнуць увагу, што ўсё ж змяніўся прынцып вызначэння пераможцаў праз тое, што сёлета адразу чатыры склады журы галасуюць ва ўсіх асноўных намінацыях. Атрымалася, што сюрпрызы кожнага журы дадаліся адзін да другога і стварылі такую цікавую карціну, якая дазваляе адлюстроўваць беларускую музыку з розных бакоў адразу, а не проста па нейкім адным меркаванні".

Мінулагоднія пераможцы прэміі Experty.by — The Toobes, Akute, “Троіца”, Port Mone, “Ляпіс Трубяцкой” у 2013 годзе адсядзеліся ў студыях. Ад пласцінак “Петли Пристрастия”, “Старога Ольсы”, Apple Tea, Змітра Вайцюшкевіча эксперты, відавочна, чакалі нечага большага.

Сяргей Пукст

“Феномен нестандартнай музыкі, якая прэтэндуе на “Лепшы альбом”, трэба шукаць у тым, што, па-першае, гэта супадзенне, а па-другое, пэўная стомленасць ад старых твараў”, — каментуе Сяргей Пукст папярэднія вынікі “Экспертаў”.

Імёны пераможцаў прэміі Experty.by будуць абвешчаны ў 11 намінацыях. З прэтэндэнтамі можна пазнаёміцца на сайце прэміі.

Фота з сацыяльных сетак, а таксама graffity.by і Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі