Femen: Мы крычалі Лукашэнку, каб ён пакінуў у спакоі Беларусь
Украінскія дзяўчаты распавядаюць, што ім пагражае за акцыю супраць Лукашэнкі, як яны даведаліся, дзе ён спыніўся, і анансуюць яшчэ адзін флэшмоб.
Удзельніцы Femen зладзілі "Начны напад на Лукашэнку" ў Кіеве. Акцыя прайшла каля месца начлегу беларускага кіраўніка. Дзяўчаты з'явіліся да месца акцыі з паходнямі. На іх целах былі напісаныя заклікі "Жыве Беларусь!" ды іншыя, паведамляе сайт жаночага руху. Спакой кіраўніка Беларусі, аднак, збераглі міліцыянты і спецназаўцы "Беркута".
Еўрарадыё: Некалькі дзён таму Аляксандра Шаўчэнка ў размове з намі прызналася, што цяпер Femen больш хвалюе лёс асуджаных актывістак у Тунісе, і ўсе намаганні будуць кінутыя на іх вызваленне — візіт у Кіеў Аляксандра Лукашэнкі застанецца па-за вашай увагай. І раптам — начная акцыя …
Ганна Гуцол: Мы проста хітрылі! Вы ж самі разумееце, што цяпер да нас асаблівая ўвага з боку не толькі СМІ, але і спецслужб ды міліцыі. Адпаведна, нам даводзіцца хітрыць. Выбачайце за дэзінфармацыю!
Еўрарадыё: Адкуль вы ведалі, дзе спыніцца Лукашэнка? Інфармацыя была агульнавядомая?
Ганна Гуцол: Мы ведалі, што ён будзе менавіта ў гэтай рэзідэнцыі. Але я не буду раскрываць сакрэт, адкуль менавіта мы гэта даведаліся.
Еўрарадыё: Вы ўпэўненыя ў тым, што прыйшлі менавіта туды, куды і трэба было?
Ганна Гуцол: Калі з кустоў ды завулкаў пачалі выскокваць, нібыта начныя оркі, шматлікія міліцыянеры-“беркутаўцы” — гэта наша спецпадраздзяленне — і спрабаваць спыніць наш пратэст, мы імгненна зразумелі, што мы не памыліліся, што менавіта тут знаходзіцца апошні дыктатар Еўропы: ён адпачывае, а ўкраінская міліцыя ахоўвае яго сон.
Еўрарадыё: Нейкая рэакцыя з боку тых, хто адпачываў, была на вашу акцыю?
Ганна Гуцол: Не ведаю. Але я ведаю, што мы вельмі гучныя. І мы вельмі стараліся — нягледзячы на тое, што нам не хапіла некалькі метраў да цэнтральнага ўваходу рэзідэнцыі, мы стараліся максімальна гучна крычаць нашы заклікі. Мы крычалі яму, каб ён з’язджаў прэч, каб пакінуў у спакоі Беларусь. Спадзяемся, што ён пачуў. Прынамсі, у большасці выпадкаў нас чуюць!
Еўрарадыё: Што пагражае тым сэкстрэмісткам, якія бралі ўдзел у акцыі?
Ганна Гуцол: На іх склалі пратаколы за дробнае хуліганства. Максімальнае пакаранне за гэта — 15 сутак. Сёння а 14-й гадзіне будзе суд, які і вырашыць, што нам прад’явяць.
Еўрарадыё: Ідучы на начную акцыю, актывісткі былі гатовыя да таго, што справа можа завяршыцца “суткамі”?
Ганна Гуцол: Мы заўсёды да гэтага гатовыя. Мы нават гатовыя да туніскай турмы. Прычым не суткамі, а месяцамі. А некаторыя нават і гадамі. Таму нікога з нас “суткамі” ўжо не напалохаеш. На жаль, крыўдна, што нам даводзіцца быць гатовымі да “сутак” у нашай краіне, крыўдна, што наша краіна ўжо даўно не з’яўляецца апорай дэмакратыі. Прычым, мы вымушаныя плаціць штрафы ды сядзець у турме за мірны пратэст! Гэта ненармальна! Так не павінна быць, але гэта і не павінна нас спыняць.
Еўрарадыё: Пагадзіцеся: у такіх апорах дэмакратыі, як, ад прыкладу, Германія ды Італія вашых актывістак за мірныя акцыі пратэсту таксама прыцягваюць да адказнасці!
Ганна Гуцол: Ніхто не сядзеў у Еўропе і не атрымліваў ад суда пакаранне “суткамі”. Так, былі затрыманыя, але найчасцей — на тэрыторыі, якую ахоўваюць з-за прысутнасці там нейкіх высокіх асоб. Да прыкладу, у Бруселі нас арыштавалі ўсяго адзін раз, і тое — толькі таму, што там у той момант быў Пуцін. А калі нашы актывісткі ладзілі акцыю ў Германіі падчас выступу Меркель, стаялі ў двух метрах ад яе і крычалі свае лозунгі, то ахоўнікі іх проста адсунулі, забралі, вывелі з тэрыторыі правядзення мерапрыемства — і ўсё! Ніхто не арыштоўваў, ніхто “суткі” не даваў! Не тэлефанавала ж потым Ангела Меркель начальніку нейкага аддзялення: “А ну-ка, зладзьце ім — што яны сабе дазваляюць!” Ёсць розніца. Ці калі мы праводзім акцыю пад амбасадай Туніса ў Бельгіі ці пад Еўрапарламентам, і дзяўчаты спакойна сыходзяць пасля заканчэння акцыі, і калі за дакладна такую ж акцыю ў Тунісе дзяўчаты атрымліваюць 4 месяцы турмы!
Еўрарадыё: Цікава, а як самі “беркутаўцы”, якія затрымлівалі вашых актывістак падчас учорашняй акцыі, паставіліся да мэты яе правядзення?
Ганна Гуцол: Пакуль не ведаю, ці дзяліліся яны з дзяўчатамі ў пастарунку, падчас складання пратаколаў, сваімі думкамі на гэты конт. Затое ведаю прыклады таго, калі ў пастарунку нашым актывісткам даводзіцца слухаць ад міліцыянераў і прызнанні ў каханні, і абяцанні дапамогі. У той жа час, свае дзеянні яны заўсёды тлумачаць неабходнасцю выконваць загад. Атрымліваецца, што міліцыя створаная не дзеля таго, каб нас з вамі абараняць, а каб ад нас з вамі абараняць уладу.
Еўрарадыё: Кіраўнік Беларусі будзе знаходзіцца ў Кіеве і 18 чэрвеня — будзе працяг начной акцыі?
Ганна Гуцол: Мы будзем нешта старацца правесці, але, на жаль, мы з учорашняга вечара знаходзімся пад пільнай увагай. Праўда, учора нам гэта не зашкодзіла іх падмануць і апынуцца каля рэзідэнцыі. Мы спадзяемся, што і сёння ў нас будзе адзін невялікі шансік… Калі ён рэалізуецца — вы ўсё пабачыце!
Фота: Змітра Лукашука