Ферэра-Вальднэр: дапамога Беларусі будзе залежыць ад выканання ўмоваў МВФ

У Брусэлі адбылася сустрэча Тройкі Еўрасаюза з міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым. На ёй уздымалася пытанне дапамогі нашай краіне на макраэканамічным узроўні
На выніковай прэс-канферэнцыі прамаўлялі еўракамісар па знешніх сувязях Беніта Ферэра Вальднер, шведскі міністр замежных спраў Карл Більт, міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў.


ЕС чакае беларускія прадукты на сваім рынку

Беніта Ферэра-Вальднэр:
"Мы выдзялілі грошы для Беларусі, асабліва на паляпшэнне бяспекі харчовых прадуктаў, каб іх можна было экспартаваць на еўрапейскі рынак, а гэта вельмі важна".

Сёлета Еўрасаюз павялічыў суму вядзеленую для нашай краіны з 5 да 10 мільёнаў еўра. Беніта Ферэра-Вальднэр выказала намер падтрымаць Беларусь фінансава і ў наступным годзе.


Фінансавая дапамога Беларусі будзе залежыць ад выканання ўмоваў МВФ

На сустрэчы кіраўніцтва Еўрасаюза з Мартынавым уздымалася таксама пытанне дапамогі Беларусі на макраэканамічным узроўні. Аднак гэты крок будзе залежыць ад таго, ці выканае наша краіна ўмовы Міжнароднага валютнага фонда, кажа Беніта Ферэра-Вальднэр:

"Пакуль мы думаем і глядзім, што робіць МВФ. У адпаевднасці з гэтым, калі МВФ згодзіцца, што ўсе ўмовы выкананыя, мы таксама разгледзім магчымасць фінансавай макраэканамічнай дапамогі. Але пакуль яшчэ вельмі рана казаць пра яе велічыню. Магу толькі сказаць, што мы абмеркавалі гэта ў дэталях і будзем спадзявацца, што ўсё будзе добра”.

На сустрэчы абмяркоўваліся таксама магчымасці крэдытаў для Беларусі ад Еўрапейскага інвестыцыйнага банку і Банку еўрапейскага развіцця.


"Усходняе Партнёрства" дасць Беларусі грошы толькі ў наступным годзе

Палітыкі не абмінулі і тэму "Усходняга Партнёрства". У яго рамках кіраўніцтва Еўрасаюза сустрэнецца таксама і з беларускім "трэцім сектарам". Гэта адбудзецца ўжо восенню. Плануецца таксама арганізаваць шэраг міністэрскіх сустрэч, паведаміла на прэс-канферэнцыі еўракамісар.

Беніта Ферэра-Вальднэр:
“Мы толькі пачалі супрацоўніцтва на шматбаковай платформе. Прыкладна 17 лістапада адбудзецца вельмі важная сутрэча з грамадскай супольнасцю. Будуць сустрэчы і па іншых пытаннях”.

А яшчэ да таго, у верасні, Тройка Еўрасаюза зноў сустрэнецца з Сяргеем Мартынавым, каб паразмаўляць пра тыя захады, якія былі зробленыя беларускім бокам.

Грошы на рэалізацыю Ўсходняга Партнёрства паступяць толькі ў пачатку наступнага года, а зараз працягваецца этап абмеркавання канкрэтных праектаў і варыянтаў супрацоўніцтва, паведаміў шведскі міністр замежных спраў Карл Більт.

Карл Більт:
“Грошы будуць даступныя ў наступным годзе. Мы размаўляем таксама пра  тое, якім чынам еўрапейскія фінансавыя інстытуты могуць як мага лепшым чынам рэалізаваць усе амбіцыі, звязаныя з Усходнім Партнёрствам”.


Увосені ЕС паглядзіць, ці праводзіліся ў Беларусі рэформы


Пакуль палітычная сітуацыя ў Беларусі не задавальняе кіраўніцтва Еўрасаюза. Для Еўропы пытанне дэмакратычных правоў і свабод з’яўляецца вельмі важным. Шведскі міністр замежных спраў Карл Більт выказаў спадзяванне, што ў гэтай сферы хутка адбудуцца змены.

Карл Більт:
“Мы верым, што беларускія ўлады могуць выканаць абавязацельствы, каб супрацоўнічаць з ЕС больш цесна. Мы так разумеем, што такое жаданне развіваць супрацоўніцтва ў іх ёсць. Гэта тычыцца асабліва сітуацыі з правамі чалавека. Мы абмеркавалі розныя абмежаванні палітычных свабодаў, складнасці, з якімі сутыкаюцца арганізацыі грамадскай супольнасці і праблемы рэгістрацыі палітычных партый, іх дзеяння. Мы таксама паразмаўлялі і пра смяротнае пакаранне”.

Не засталіся без увагі і энергетычныя пытанні.

Двухбаковыя адносіны Беларусі і Еўрасаюза будуць развівацца, аднак пакуль наша краіна не з’яўляецца партнёрам Еўрасаюза на гэтым узроўні. Прагрэс у гэтай сферы, а таксама ў рамках Еўрапейскай палітыкі Добрасуседства залежыць ад таго, ці выканаем мы неабходныя ўмовы, заявіла Беніта Ферэра-Вальднэр.

Беніта Ферэра-Вальднэр:
“Мы можам разблакаваць поўны патэнцыял нашых адносін, калі сапраўды пераконваючыя і неабарачальныя рэформы будуць там і гэта будзе, спадзяюся, відаць ужо ў лістападзе, што адбыўся сапраўды вялікі прагрэс”.


Мартынаў: у Мінску чакаюць спрашчэння візавага рэжыму для беларусаў

А вось Сяргей Мартынаў на прэс-канферэнцыі звярнуў увагу на тое, што Беларусь таксама мае пэўныя спадзяванні ад Еўрасаюза, якія не менш важныя за патрабаванні ЕС. Перш за ўсё гэта візавае пытанне. Нашыя грамадзяне цяпер мусяць плаціць за шэнгенскія візы ў 2 разы больш, чым жыхары суседніх краінаў, ды і працэдура іх атрымання вельмі доўгая і складаная, адзначыў Сяргей Мартынаў.

Сяргей Мартынаў:
“Спрашчэнне візавага рэжыму — гэта відавочны прыярытэт. Гэта тое, што стаіць на шляху да свабодных падарожжаў у Еўропу, і таму складанасці ў атрыманні візаў мусяць быць зліквідаваныя”.


Беларусь хоча лепшых умоваў гандлёвага супрацоўніцтва з ЕС

Другой, не менш важнай справай, па словах Мартынава, з’яўляюцца гандлёвыя адносіны. Беларусь хоча лепшых умоваў супрацоўніцтва з Еўрасаюзам у гэтай сферы.

Падагульняючы вынікі размовы з кіраўніцтвам ЕС, Сяргей Мартынаў сказаў жуналістам, што абодва бакі імкнуцца павялічыць эфектыўнасць па ўсіх накірунках супрацоўніцтва:

Сяргей Мартынаў:
“Галоўным акцэнтам у гэтай сустрэчы было тое, што бакі дасканала разумеюць, што нам трэба супрацоўнічаць і жадаюць, каб гэтае супрацоўніцтва было больш цеснае і плённае”.

Еўрапейскія журналісты закранулі таксама тэму прызнання нашай краінай незалежнасці Абхазіі ды Паўднёвай Асетыі, аднак беларускі міністр не даў на яго адназначнага адказу.

Сяргей Мартынаў: “Што тычыцца Абхазіі і Паўднёвай Асетыі, то думаю, вы добра разумееце, што гэта вельмі цяжкае пытанне для ўсіх. Мы працягваем сур'ёзна разглядаць яго, аднак канчатковага рашэння ў той ці іншы бок пакуль яшчэ не прынялі”.


Фота: Телеграф

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі