Фільм “Нумар 44” знялі з пракату і ў Беларусі

У Беларусі не пакажуць галівудскі фільм “Нумар 44” (у арыгінале Child 44). Раніцай 15 красавіка яго забаранілі ў Расіі. За дзень да выхаду ў пракат Міністэрства культуры суседняй краіны на папярэднім праглядзе стужкі вырашыла, што яго паказ у кінатэатрах недапушчальны.

"Па выніках прэс-прагляду фільма "Нумар 44" у Міністэрства культуры РФ паступілі пытанні, якія датычаць зместу фільма: у першую чаргу — скажэнні гістарычных фактаў і своеасаблівых трактовак падзей да, падчас і пасля Вялікай Айчыннай вайны, а таксама вобразаў і характараў савецкіх грамадзян той гістарычнай эпохі… Меркаванні пракатчыкаў і прадстаўнікоў Мінкультуры супалі: пракат падобнага кшталту фільмаў напярэдадні 70-годдзя Перамогі недапушчальны", — гаворыцца ў афіцыйным каментары Мінкультуры з нагоды забароны фільма.

Удзень 15 красавіка у “Кінавідэапракаце”, які займаецца дыстрыбуцыяй фільмаў на тэрыторыі Беларусі, Еўрарадыё расказалі, што ў Беларусі прэм’ера фільма не адмяняецца. “Мы ведаем пра сітуацыю ў Расіі, але ў нас фільм ужо закачаны, квіткі прадаюцца, ён будзе паказаны ва ўсіх кінатэатрах”, — казалі ў аддзеле рэпертуарнага планавання і прагназавання “Кінавідэапраката”.

Аднак ужо праз некалькі гадзін з’явілася цалкам адваротная інфармацыя. Пракаментаваць забарону фільма абяцаюць 16 красавіка.

У мінскіх кінатэатрах Еўрарадыё пацвердзілі, што “Нумар 44” у Беларусі пабачыць не атрымаецца. “Так, фільм зняты з пракату”, — гавораць у “Цэнтральным”.

Дзеянне фільма “Нумар 44” разгортваецца ў СССР часоў Іосіфа Сталіна. Галоўны герой — афіцэр савецкай разведкі Леў Дзямідаў. Ён расследуе серыю дзіцячых забойстваў, але такая дзейнасць выклікае падазрэнне ў савецкіх уладаў. Фільм бюджэтам больш за 50 мільёнаў долараў быў зняты сумесна ў ЗША, Вялікабрытаніі, Румыніі і Чэхіі. Рэжысёр Даніэль Эспіноса.

Прэм’ера ў Беларусі была запланаваная на 16 красавіка. Фільм хацелі паказаць у Мінску, Гродне і Віцебску.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі